ЗША правядуць у Польшчы вучэнні з паветранымі шарамі

ЗША правядуць у Польшчы вучэнні з выкарыстаннем стратасферных зондаў (Micro-HAB). Яны адбудуцца ў канцы ліпеня — на пачатку жніўня. Пра гэта папярэдзіла Аператыўнае камандаванне відаў Узброеных сіл Польшчы.

«Палёты будуць праводзіцца ў польскай паветранай прасторы ў адпаведнасці з дзеючымі правіламі і ў цеснай каардынацыі з установамі, адказнымі за бяспеку і кіраванне паветранай прасторай у Варшаўскім раёне палётнай інфармацыі», — гаворыцца ў папярэджанні.

Паветраныя шары падчас вучэнняў можна будзе ўбачыць у многіх раёнах Польшчы. Таксама жыхары краіны могуць сутыкнуцца з кампанентамі выкарыстаных платформаў. Пра выяўленне такіх абломкаў просяць паведамляць кампетэнтным органам.

Micro-HAB могуць падымацца на вышыню 18–21 км. Гэтыя аэрастаты выкарыстоўваюцца для сродкаў выяўлення і сувязі.

Варта адзначыць, што трэніровачныя палёты Micro-HAB выконваліся сёлета вайскоўцамі Шматдаменнага камандавання ЗША і ў іншых краінах Еўропы. Напрыклад, у маі іх запускалі са Швецыі ў Латвію.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!