Лукашэнка выказаўся за збліжэнне арабскіх дзяржаў

Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся са старшынёй Арабскага парламента Мухамедам Ахмедам Аль-Ямахі. Ён узначальвае дэлегацыю парламенцкай арганізацыі Ліга арабскіх дзяржаў, якая прыбыла ў Беларусь.

Арабскі парламент збіраецца падпісаць мемарандум аб супрацоўніцтве з Нацыянальным сходам.

«Я з вялікім задавальненнем сустракаюся з вамі, падтрымліваю тыя дакументы, Мемарандум, якія вы хочаце падпісаць з нашым Парламентам. Мы будзем усяляк прыхільныя гэтым ініцыятывам двух парламентаў.

І ў любы момант, пры вашым жаданні, мы гатовыя сустракацца і абмяркоўваць надзённыя пытанні нашых адносін. І хацелася б, каб яны мелі практычнае вымярэнне», — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.

Ён падкрэсліў, што ў яго добрыя адносіны з лідарамі многіх краін ЛАД.

«З кіраўніцтвам вашых краін, якія вы прадстаўляеце, і не толькі вашых, але і краін, якія ўваходзяць у Лігу арабскіх дзяржаў, у мяне склаліся даўнія добрыя адносіны не толькі на дзяржаўным, але і на асабістым узроўні.

У нас ёсць істотная аснова для ўмацавання нашых адносін і база нашых адносін — гэта мірны падыход да вырашэння любых пытанняў і вырашэнне ўсіх пытанняў дыпламатычным шляхам, за сталом перамоў, калі такія пытанні ўзнікаюць», — працягнуў ён.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што арабскія краіны павінны быць зацікаўленыя ў Беларусі.

«Вы ведаеце, што Беларусь — магутная машынабудаўнічая краіна з развітой сельскай гаспадаркай, медыцынай, адукацыяй, фармакалагічнай вытворчасцю і іншымі кірункамі», — сказаў ён.

На яго думку, вайна ЗША і Ірана паказала неабходнасць для арабскіх краін арыентавацца не толькі на буйныя багатыя краіны свету, але і на роўнавялікія краіны — такія, як Беларусь.

«З усяго трэба рабіць адпаведныя высновы, прызнаваць памылкі, калі яны былі дапушчаныя, і надалей рабіць так, каб іх было менш. Таму мы прапануем вам супрацоўніцтва, якое б дыверсіфікавала вашы цяперашнія адносіны», — дадаў ён.

Лукашэнка таксама выказаўся за збліжэнне арабскіх краін.

«Я прыхільнік таго, каб арабскія дзяржавы былі больш блізкія адна да адной. Каб яны, займаючы кансалідаваную пазіцыю па глабальных і істотных пытаннях у свеце, былі адзінымі ў адстойванні таго ці іншага пункту гледжання. Такая крытыка з маіх вуснаў гучала, асабліва пасля таго, як ізраільская армія разбамбіла Газу», — дадаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!