Александр Сырский. Скриншот видео
Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі лічыць пагрозу наступу Расіі з боку Беларусі рэальнай. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю ўкраінскаму анлайн-медыя «Мілітарний».
«У нас ёсць 1200 км актыўнага фронту. Праціўнік пераўзыходзіць нас у колькасці брыгад і палкоў удвая. Вы разумееце, што мы пастаянна вядзём баявыя дзеянні. І тэндэнцыя да таго, што лінія фронту будзе павялічвацца. Вы ведаеце апошнія даныя нашай разведкі і заявы нашага прэзідэнта Украіны, вярхоўнага галоўнакамандуючага пра пагрозу Расіі з боку Беларусі, магчымую аперацыю на поўначы. Гэта рэальна.
Мы ведаем гэтыя даныя і тое, што расійскі генштаб цяпер актыўна пралічвае і плануе аперацыі па наступальных дзеяннях з поўначы. Гэта значыць, што фронт яшчэ павялічыцца», — заявіў Сырскі.
Нагадаем, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра актыўныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі з расійскім бокам з мэтай глыбей уцягнуць Беларусь у вайну. Паводле інфармацыі Украіны, Расія разглядае планы аперацый з тэрыторыі Беларусі супраць Украіны або адной з краін NATO.