Украіна адзначае ўзрослую актыўнасць расіян у перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам з мэтай глыбей уцягнуць Беларусь у вайну. Уладзімір Зяленскі заяўляе, што ў Кіеве ведаюць пра змест перамоў.
«Мы дакладна разумеем, што абмяркоўваецца паміж Расіяй і кіраўніцтвам Беларусі. Пайшла цяпер вялікая актыўнасць расіян, я маю на ўвазе ў размовах з Аляксандрам Лукашэнкам. Яны хочуць значна глыбей уцягнуць Беларусь у вайну і менавіта з тэрыторыі Беларусі пачаць дадатковыя агрэсіўныя аперацыі — альбо супраць нашага Чарнігаўска-Кіеўскага напрамку, альбо супраць адной з краін NATO, якія знаходзяцца побач з Беларуссю.
Зразумела, мы і далей будзем абараняць Украіну, абараняць нашых людзей, украінцаў. Я даручыў нашым Сілам абароны і бяспекі Украіны падрыхтаваць план рэагавання, і на стаўцы мы яго разгледзім і зацвердзім. Чарнігаўска-Кіеўскі напрамак мы будзем узмацняць. Партнёры таксама ведаюць, што адбываецца і да чаго схіляюць Беларусь», — заявіў Зяленскі 15 мая пасля нарады з кіраўніцтвам Генштаба УСУ, ГУР, Службы знешняй разведкі і СБУ.