Беларус паскардзіўся, што яго падманам прымусілі падпісаць кантракт з Мінабароны Расіі

Жыхар вёскі Замшэна Лёзненскага раёна Аляксандр Лазукоў заяўляе, што ён паехаў у Расію на вахту, але яго падманам прымусілі падпісаць кантракт з Мінабароны РФ, паведамляе тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю».

45-гадовы Лазукоў запісаў некалькі відэа, у якіх кажа, што збіраўся ехаць працаваць на вахту ў Смаленскай вобласці, але «куратар» даў яму падпісаць кантракт з Мінабароны, які ён нават не чытаў.

Цяпер Лазукоў просіць скасаваць кантракт і вярнуць яго ў Беларусь. Ён называе імёны людзей, якія прымусілі яго падпісаць дакумент — Дзмітрый Міхайлоўскі і Мікалай (прозвішча Лазукоў вымаўляе неразборліва).

Падобная гісторыя адбылася з іншым беларусам з Лёзна — Яўгенам Сіманенкавым. У лютым гэтага года знаёмы паклікаў яго выпіць у кампаніі армян са Смаленска. Сіманенкаў не вярнуўся са сустрэчы і знайшоўся ў вайсковай частцы ў Расіі. Ён падпісаў кантракт з Мінабароны РФ і ў красавіку трапіў у палон ва Украіне. У маі Украіна вярнула яго Расіі ў рамках абмену палоннымі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!