Светлана Тихановская. Фото: x.com/Tsihanouskaya
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская павітала рэзалюцыю па Беларусі, прынятую Еўрапарламентам.
«Я вітаю жорсткую рэзалюцыю Еўрапейскага парламента, якая асуджае гібрыдныя атакі беларускага рэжыму супраць Еўропы, выказвае салідарнасць з Літвой, заклікае да адрасных санкцый і падкрэслівае неабходнасць супрацьдзеяння дэзінфармацыі і дасягнення поўнай міжнароднай адказнасці», — напісала лідарка дэмсіл у X.
Нагадаем, 18 снежня Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Еўрадэпутаты асудзілі Беларусь за скаардынаваныя гібрыдныя атакі супраць Літвы, а таксама раскрытыкавалі ЗША за рашэнне часткова зняць санкцыі з Беларусі, якое не было скаардынавана з Еўразвязам.
Рэзалюцыя ўказвае на ўварванні метэразондаў у паветраную прастору Літвы з боку Беларусі, а таксама на кібератакі, падтрыманыя дзяржавай, кампаніі дэзінфармацыі, эканамічны ціск і выкарыстанне міграцыі як інструменту ўздзеяння.
Рэзалюцыя асуджае затрыманне беларускімі ўладамі грузаперавозчыкаў з ЕС пасля закрыцця Літвой мяжы.
Дэпутаты Еўрапарламента выказалі салідарнасць з Літвой і падтрымалі яе права прымаць сувымерныя абарончыя меры.
Еўрапарламент таксама раскрытыкаваў нескаардынаванае рашэнне ЗША часткова зняць санкцыі з Беларусі і зноў пацвердзіў пазіцыю ЕС пра непрызнанне легітымнасці Лукашэнкі.