«Страшныя не мы, а жыццё»: у Вене адкрылася выстава Міхаіла Сянькова, прымеркаваная да пачатку пракату фільма з яго ўдзелам White Snail

21 снежня ў культурным цэнтры Вены Funkhaus адкрылася выстава беларускага мастака Міхаіла Сянькова, прымеркаваная да пачатку пракату ў кінатэатрах Аўстрыі і Германіі фільма White Snail (Белы слімак).

Галоўныя ролі ў ім сыгралі беларусы: мадэль Марыя Імбро і працаўнік морга і мастак Міхаіл Сянькоў.

Міхаіл Сянькоў на выставе. Фота: сацсеткі.

Фільм атрымаў узнагароды на прэстыжным міжнародным кінафестывалі ў Лакарна, у тым ліку «Леапарда», за лепшую ролю двух галоўных герояў Марыі Імбро і Міхаіла Сянькова.

Рэжысёры кінастужкі — аўстрыйска-нямецкі творчы дуэт Эльза Крэмсер і Левін Пэтэр – адштурхнуліся ад рэальных гісторый мастака і мадэлі. Важнай інспірацыяй для фільма сталі карціны Міхаіла Сянькова. Рэжысёрка згадвала, як дзесяць гадоў таму ў Мінску «ўвайшла ў яго кватэру, убачыўшы свой першы труп: на сценах віселі карціны з выявай памерлых з насцярожаным позіркам. Гэта была магутная візуальная мова, якой я ніколі не забуду».

Фільм распавядае гісторыю кахання двух аўтсайдараў, якія пераварочваюць светы адно аднаго з ног на галаву. У ім знайшлося месца і мастацтву Міхаіла, які вядомы нам пад псеўданімам «А. Р. Ч.», узятага з ініцыялаў серыйнага маньяка Чыкацілы.

Аўтсайдарам мастак адчуваў сябе заўсёды: «Праца ў моргу і маляванне целаў дапамаглі мне сутыкнуцца з чалавечай крохкасцю так, што не кожны можа гэта вынесці», — скажа мастак, каментуючы свой удзел у здымках.

Гледзячы на расчлянёныя ці скалечаныя целы (інспіраваныя, верагодна, натурнымі замалёўкамі) і трупы на яго карцінах, цяжка не згадаць Фрэйда з яго тэорыяй сублімацыі, які даводзіў, што творчы працэс выкрывае сімптомы паталогіі аўтара.

Аднак Міхаіл у сваіх інтэрвю падкрэслівае прынцыповае непрыманне гвалту. «Страшныя не мы, а жыццё», – гаворыць мастак у фільме White Snail пра сваю творчасць. 

А.Р.Ч. У падараваных шапках. 2008. З серыі “Стомленыя партрэты”. Фота: сацсеткі.

Дарэчы, сам мастак з вызначэннем сваёй творчасці – «арт-брут» («грубае мастацтва», прынцыпова ці ненаўмысна «непрафесійнае») – не згодны і ўдакладняе, што мае прафесійную адукацыю (закончыў Акадэмію мастацтваў) і таму зяўляецца прадстаўніком «акадэмічнага арт-бруту». Вызначэнне ўнікальнае, але такіх, як Сянькоў, у беларускім мастацтве таксама знайсці цяжка.

Мастак падкрэслівае інтуітыўны характар сваёй творчасці. Пачынаючы карціну, ён звычайна не ведае, што на ёй будзе, хіба, што прадчувае настрой. У мастацтве ён нічога не прадумвае і не прадумвае, усё прыходзіць само.

Старонкі каталога мастака да выставы. Фота: сацсеткі.

«Творчасць для мяне – гэта кантакт з чымсьці не эмпірычным, – тлумачыў аўтар. – Само палатно мёртвае, фарбы таксама і нават пэндзлі. Удыхае ва ўсё гэта жыццё мастак і творца… Што ж удыхае жыццё ў яго – невядома».

Творцу звычайна не падабаюцца інтэрпрэтацыі яго карцін гледачамі. Знайсці нейкае нейтральнае тлумачэнне для кожнага яго твора практычна немагчыма, таму што ў кожнага свае смяротныя жахі і жыццёвыя страхі, а ў саміх яго працах – шмат пластоў. Да таго ж сутыкнення з «чалавечай крохкасцю» не кожны здольны вынесці, але можна паспрабаваць знайсці ў сабе смеласць угледзіцца ў гэтую мяжу паміж жыццём і смерцю.

Карціны будуць экспанавацца да 8 лютага.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!