Фото: facebook.com/migracijaLT
Кіраўніца Дэпартамента міграцыі Літвы Індрэ Гасперэ ў інтэрв’ю LRT расказала, чаму замежнікам адмаўляюць у ВНЖ і колькі чалавек аспрэчваюць рашэнні Дэпартамента ў судах.
Гасперэ падкрэсліла, што галоўны крытэрый, паводле якога замежнікам адмаўляюць у выдачы або падаўжэнні часовага і пастаяннага відаў на жыхарства, — гэта пагроза дзяржаўнай бяспецы.
«Калі чалавек, грамадзянін трэцяй краіны, які хоча атрымаць або падоўжыць часовы від на жыхарства, уяўляе пагрозу дзяржаўнай бяспецы, гэта з’яўляецца галоўнай падставай для адмовы або пазбаўлення ВНЖ. …Калі існуе пагроза дзяржаўнай бяспецы, мы прымаем рашэнне, абапіраючыся на заключэнне Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі. Закон абавязвае нас матываваць свае рашэнні, але ключавым элементам тут з’яўляецца менавіта заключэнне гэтага дэпартамента», — патлумачыла кіраўніца Дэпартамента.
Сярод іншых прычын адмовы ў выдачы або падаўжэнні ВНЖ яна назвала парушэнні міграцыйнага заканадаўства або злоўжыванне прадастаўленым статусам — напрыклад, калі чалавек з літоўскім ВНЖ фактычна не жыве і не працуе ў Літве.
ВНЖ могуць не выдаць і з-за сістэматычных адміністрацыйных правапарушэнняў: дзясяткі ДТЗ, нявыплата штрафаў, ухіленне ад выплаты падаткаў.
«У падобных выпадках Дэпартамент міграцыі можа запытаць ацэнку не толькі ў паліцыі, але і, у залежнасці ад сітуацыі, у іншых ведамстваў. Калі сукупнасць абставін указвае на рызыку або пагрозу, можа быць прынята рашэнне аб ануляванні часовага або пастаяннага віду на жыхарства.
Калі гаворка ідзе пра сур’ёзныя крымінальныя злачынствы, тады мы ўжо звяртаемся ў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі. Гэта можа стаць падставай як для адмовы ў падаўжэнні або выдачы ВНЖ ці ПМЖ, так і для забароны на ўезд у Літву», — расказала Гасперэ.
Рашэнні Дэпартамента можна аспрэчыць у судзе. Цяпер вядзецца каля 220 судовых разглядаў, большасць з якіх разглядаецца ў адміністрацыйных справах. Паводле статыстыкі, Дэпартамент выйграе 80% спраў.
Паводле слоў Гасперэ, значная частка спраў звязаная з працоўнымі візамі і з рашэннямі, прынятымі з меркаванняў дзяржаўнай бяспекі. Таксама пераглядаюцца справы людзей, якія раней працавалі ў структурах спецслужбаў або звязаных з імі прадпрыемствах, напрыклад, у Беларусі.
«У такіх выпадках можа быць прынята рашэнне аб непадаўжэнні ВНЖ, і менавіта па гэтых падставах цяпер шмат спраў знаходзіцца ў судах», — адзначыла кіраўніца Дэпартамента.
Дэпартамент міграцыі збіраецца прыкласці намаганні, каб разглядаць заявы на атрыманне і падаўжэнне ВНЖ у тэрмін да 4 месяцаў, як гэта прадугледжана законам. Цяпер тэрміны расцягваюцца да 7–9 месяцаў.
Паводле слоў Гасперэ, працэс разгляду звычайна зацягваецца ў складаных выпадках, калі выяўляецца новая інфармацыя, не ўказаная чалавекам у анкеце.
«Напісаў, што працаваў у міліцыі, тады як насамрэч служыў у закрытым або сакрэтным падраздзяленні», — патлумачыла чыноўніца.
Дэпартамент міграцыі ўлічвае рэкамендацыі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДГБ) аб нявыдачы замежніку ВНЖ, але не ведае крытэрыяў, паводле якіх выдаюцца рэкамендацыі. Канчатковае рашэнне аб выдачы або нявыдачы ВНЖ прымае Дэпартамент міграцыі.
Гасперэ расказала пра крытэры рызыкі — працу ў вайсковых і падобных структурах у мінулым і рэгулярныя паездкі ў краіну.
«Праца ў пэўнай структуры або ўстанове сама па сабе не з’яўляецца адзінай і аўтаматычнай падставай для адмовы. Напрыклад, калі чалавек з’яўляецца ўцекачом і не можа вярнуцца ў краіну паходжання з-за рэальнай пагрозы турэмнага зняволення, ён можа атрымаць абарону ў Літве і будзе абаронены ад рэжыму.
Аднак у выпадках, калі чалавек працаваў у структурах МУС, арміі або аналагічных ведамствах і пры гэтым рэгулярна вяртаецца ў краіну паходжання, ДГБ правярае, ці не захаваліся ў яго сувязі з рэжымам. Ацэньваецца сукупнасць фактараў: бягучыя кантакты, паездкі, сацыяльныя і прафесійныя сувязі», — расказала кіраўніца Дэпартамента.
Замежнік можа выклікаць пытанні, калі 20 гадоў таму служыў у арміі, але працягвае рэгулярна ездзіць у краіну паходжання, дзе дзейнічаюць недружалюбныя рэжымы.
Гасперэ запэўнівае, што кожны выпадак разглядаецца індывідуальна. Улічваецца сямейнае становішча замежніка, наяўнасць дзяцей і ўзровень інтэграцыі ў літоўскае грамадства. Пры гэтым у выпадку адмовы Дэпартамент не заўсёды можа раскрыць матывы свайго рашэння, бо частка інфармацыі адносіцца да дзяржаўнай таямніцы.
«Фактычна ацэньваецца, дзе знаходзіцца цэнтр жыцця чалавека: у Літве — з сям’ёй, сябрамі і сацыяльным асяроддзем — або ж у краіне паходжання, куды ён пастаянна вяртаецца і дзе сканцэнтравана яго сацыяльнае жыццё. Усе гэтыя фактары ўлічваюцца, нават калі заяўнік іх не бачыць або не ўсведамляе», — расказала чыноўніца.
Гаспере патлумачыла, які статус мае дзіця, народжанае ў Літве ў бацькоў з часовым ВНЖ. Яно атрымлівае часовы ВНЖ, але ў далейшым наяўнасць дзіцяці можа стаць дадатковым аргументам на карысць дазволу пражывання для іншых членаў сям’і.
Кіраўніца Дэпартамента закранула праблему пратэрмінаваных пашпартоў беларусаў. Калі беларус не з’яўляецца палітычным уцекачом і рэгулярна ездзіць у Беларусь, то Літва не выдасць яму пашпарт замежніка.
«Пашпарт замежніка выдаецца толькі тым, хто сапраўды не мае магчымасці ні вярнуцца ў краіну, ні атрымаць нацыянальны пашпарт. Гаворка ідзе пра невялікую групу людзей. Напрыклад, у 2024 годзе было выдадзена 216 пашпартоў замежніка, з іх 155 — грамадзянам Беларусі, гэта з 50 тысяч беларусаў, якія прыязджаюць у Літву. Паводле пакуль яшчэ не пацверджаных звестак, у 2025 годзе — каля 300 пашпартоў, з іх 249 — беларусам. На фоне дзясяткаў тысяч беларусаў, якія пражываюць у Літве, гэта невялікая колькасць», — патлумачыла Гасперэ.