Беларуса затрымалі ў Польшчы за кантрабанду цыгарэт метэазондамі

Памежная служба ў Бяла-Падлясцы расследуе крымінальную справу ў дачыненні да арганізаванай злачыннай групы, якая займалася кантрабандай цыгарэт з дапамогай метэазондаў з мая 2025 па красавік 2026 года. Сярод затрыманых — 34-гадовы грамадзянін Беларусі Міхаіл С.

«Члены групы, выкарыстоўваючы спрыяльныя ўмовы надвор’я, ажыццяўлялі кантрабанду цыгарэт праз беларуска-польскую мяжу з дапамогай 160 метэаралагічных аэрастатаў. Пасля прызямлення шароў на тэрыторыі Польшчы цыгарэты перадаваліся іншым удзельнікам групы для далейшага распаўсюджвання», — паведамляе рэгіянальная пракуратура ў Любліне.

Беларусу прад’яўлены абвінавачанні ў кантрабандзе 240 тысяч пачак цыгарэт агульным коштам не менш за 4,4 млн злотых (1,2 млн долараў). Пракуратура адзначае, што кантрабанда была яго асноўнай крыніцай даходу. Таксама ён абвінавачваецца ў кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай, парушэнні закона аб санкцыях і ў парушэнні правілаў паветранага руху.

Беларус часткова прызнаў віну. Па хадайніцтве пракуратуры ён арыштаваны на тры месяцы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!