Былы галоўны інжынер «Гродна Азота» стаў дырэктарам у структуры «Уралхіма»

Былы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер «Гродна Азота» Сяргей Сілівонік стаў дырэктарам у структуры «Уралхіма». Як паведамілі ў расійскай кампаніі, ён прызначаны на пасаду дырэктара філіяла «Азот» ААТ «АХК «Уралхім» у Бярэзніках.

“У якасці дырэктара філіяла «Азот» Сяргей Сілівонік будзе адказваць за аперацыйную эфектыўнасць, прамысловую бяспеку, якасць прадукцыі, а таксама выкананне планавых паказчыкаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сілівонік працаваў на «Гродна Азоце» з 2004 года. У 2014 годзе стаў начальнікам цэха, у 2018-м — начальнікам упраўлення па рэалізацыі будаўніцтва азотнага комплексу, у 2019-м — галоўным інжынерам, а з 2021 года яшчэ і першым намеснікам генеральнага дырэктара «Гродна Азота».

Нагадаем, расійскай групай, якая спецыялізуецца на вытворчасці мінеральных угнаенняў, раней валодаў выхадзец з Беларусі Дзмітрый Мазепін. У сакавіку 2022 года ён прадаў 52% акцый ТАА «БХК «Уралхім», якому належыць ААТ «АХК «Уралхім», двум топ-менеджарам АХК — Дзмітрыю Тацяніну і Дзмітрыю Каняеву. Пры гэтым яму па-ранейшаму належыць 48% акцый БХК «Уралхім», але Мазепін адышоў ад кіравання бізнесам.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!