Фото: СК
На СТА ў аграгарадку Азярцо Мінскага раёна загінуў 44-гадовы жыхар Вілейскага раёна. Няшчасны выпадак адбыўся 19 мая.
Мужчына хацеў уладкавацца на станцыю тэхнічнага абслугоўвання. Ён пачаў праходзіць стажыроўку без афармлення.
“У нейкі момант мужчына вырашыў самастойна падкачаць з дапамогай кампрэсара кола грузавога аўтамабіля «КАМАЗ». Нягледзячы на неаднаразовае выпадзенне штуцара і папярэджанні кіроўцы пра небяспеку разгерметызацыі кола, ён працягваў утрымліваць яго рукой падчас працы. Раптоўна адбыўся вылет металічнага элемента разборнага вобада кола, і шына лопнула. Стажор атрымаў цялесныя пашкоджанні, несумяшчальныя з жыццём”, — расказалі ў СК.
Следчыя агледзелі месца здарэння, апыталі відавочцаў, прызначаны экспертызы. Па факце гібелі чалавека праводзіцца праверка.