Галоўчанка растлумачыў зніжэнне стаўкі рэфінансавання

Старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Раман Галоўчанка растлумачыў зніжэнне стаўкі рэфінансавання запавольваннем інфляцыі. Сёння рэгулятар прыняў рашэнне з 1 чэрвеня знізіць стаўку на 0,5 п.п. да 9,25% гадавых.

“Пры прыняцці гэтага рашэння былі прааналізаваныя ўсе фактары, пачынаючы з фактычнай і чаканай інфляцыі, узроўню дзелавой актыўнасці ў краіне, сітуацыі на валютным і крэдытна-дэпазітным рынках і заканчваючы знешнім фонам і магчымымі яго зменамі ў будучыні”, — сказаў Галоўчанка на брыфінгу пасля пасяджэння праўлення.

На першае месца ён паставіў запавольванне інфляцыйных працэсаў.

“Ужо з другой паловы мінулага года пачала фарміравацца тэндэнцыя на запавольванне інфляцыйных працэсаў. Па выніках 2025 года, нагадаю, гадавы прырост спажывецкіх цэн склаўся ў памеры 6,8% пасля піка 7,4% у ліпені. Інфляцыя працягвае ўстойліва зніжацца ў бягучым годзе.

Па выніках першых чатырох месяцаў спажывецкія цэны павялічыліся на 2,5%, тады як годам раней яны павялічыліся на 3,8%. У выніку ў красавіку гадавая інфляцыя знізілася да ўзроўню 5,4%. Уласна, як мы і прагназавалі, гэта практычна мінімальнае значэнне для гэтага перыяду за апошнія два гады.

Асноўны кампанент інфляцыі, яе базавы складнік, таксама знізіўся. У красавіку бягучага года ў гадавым выражэнні яна склала 5,9% пасля 7,6% у чэрвені мінулага года.

Трэндавая інфляцыя, гэта значыць тая інфляцыя, у якой няма кароткатэрміновых шокаў, цяпер ацэньваецца каля 5%, тады як яшчэ ў другой палове мінулага года яна перавышала 6%.

Паводле нашых ацэнак, запавольванне інфляцыі — гэта вынік дзеяння як знешніх, так і ўнутраных фактараў. Знешнія ўмовы складаюцца больш спрыяльна, з-за чаго цэны на ўвезеныя ў краіну тавары растуць менш інтэнсіўна. У прыватнасці, гадавы рост цэн у РФ у красавіку бягучага года запаволіўся да 5,6% пасля 10,2% годам раней.

Паказчыкі, якія характарызуюць эканамічныя працэсы ўнутры краіны ў сукупнасці, таксама сведчаць пра паступовае зніжэнне ціску на спажывецкія цэны. Гэта праяўляецца ў больш умераных, чым у мінулым годзе, тэмпах росту асноўных макраэканамічных паказчыкаў”, — расказаў Галоўчанка.

Ён таксама адзначыў стабільную сітуацыю на дэпазітным рынку. Беларусы павялічваюць зберажэнні. Рэшткі па дэпазітах тэрмінам больш за год за студзень-красавік гэтага года выраслі больш чым на 2 млрд рублёў, або на 19%. Кіраўнік Нацбанка звярнуў увагу і на рост долі рублёвага складніка ў шырокай грашовай масе.

Паводле яго слоў, тэмпы росту крэдытаў з’яўляюцца ўмеранымі і не фарміруюць умоў для ціску на цэны. Рэсурсаў банкаў дастаткова для задавальнення попыту на крэдыты.

“Паводле нашага прагнозу, які ўлічвае сённяшняе агучанае рашэнне праўлення, да канца бягучага года сярэднямесячныя тэмпы базавай інфляцыі застануцца нізкімі. Яе гадавы ўзровень будзе заставацца паблізу 5% па базавай інфляцыі. Пры гэтым інфляцыйнае ўздзеянне з боку эканомікі захаваецца паблізу нейтральных узроўняў, а дадатковым станоўчым фактарам стане прагназаванае запавольванне інфляцыі ў Расійскай Федэрацыі, нашым асноўным гандлёвым партнёры. Ну і ў сукупнасці названыя фактары, а таксама прагназаваны баланс рызык прадвызначылі велічыню бягучага кроку па змяненні працэнтных ставак Нацыянальнага банка”, — сказаў ён.

Раман Галоўчанка не стаў выказвацца пра далейшыя планы рэгулятара.

“Нейкія заявы на гэты конт рабіць рана. Мы паглядзім, як эканоміка адрэагуе на сённяшняе рашэнне, як будзе развівацца сітуацыя на знешнім контуры, наколькі будуць устойлівымі макраэканамічныя працэсы ў нашай эканоміцы. Таму заўсёды ёсць два варыянты. Як вы разумееце, калі будуць спрыяльна развівацца падзеі, то мы не выключаем, што вернемся яшчэ раз да гэтага пытання ў бягучым годзе”, — заключыў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!