Статкевіч расказаў, што ў базе МУС дагэтуль лічыцца зняволеным

Палітык Мікалай Статкевіч паведаміў, што ў базе МУС дагэтуль лічыцца зняволеным ПК-13 у Глыбокім. Судзячы па яго словах, статус Статкевіча застаецца незразумелым.

Учора палітык паведаміў, што яго пашпарт “знайшоўся” ў сталічным СІЗА-1. Ён паспрабаваў аднавіць выплату пенсіі, але для гэтага спатрэбілася даведка аб вызваленні, якой у Статкевіча на руках не было. У выніку яму давялося звярнуцца ў СІЗА-1, дзе высветлілася, што яго не вызвалялі, а вывезлі з тэрыторыі пад канвоем.

“Гісторыя з маім пашпартам, знойдзеным у СІЗА-1, займела працяг. Высветлілася, што аднавіць пенсію па ім адным нельга – трэба яшчэ даведка аб вызваленні. Тым болей, што, як мне паведамілі, згодна з базай дадзеных МУС я дагэтуль лічуся зняволеным у ПК-13 у Глыбокім.

Прыйшлося зноў ехаць у той СІЗА-1 за даведкай пра вызваленне. Але там намеснік начальніка па аператыўнай працы паведаміў мне, што такой даведкі мне даць не могуць, бо яны мяне “не вызвалялі”, а я быў вывезены з турэмнай бальніцы пры СІЗА “планавым канвоем”. А пашпарт і рэчы мне аддалі, бо яны “належаць мне”. Праўда, ніяк не патлумачыў, чаму мая жонка Марына апынулася ў складзе таго “планавага канвою”. Мо, хіба што, ўзначальвала яго?..

Я прыгадваю, як адна афіцыйная дама ў тэлевізары сцвярджала, што мяне, нібыта, вызвалілі згодна з “указам аб памілаванні” яшчэ ў верасні мінулага года. Але хто той указ бачыў… А дамы бываюць часам такімі пераменлівымі.

Цяпер я канчаткова заблытаўся ў сваім сённяшнім юрыдычным статусе і месцазнаходжанні”, – расказаў Мікалай Статкевіч.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2025 года ён увайшоў у лік 52 палітвязняў, якіх павінны былі вывезці ў Літву.

Аднак ён выйшаў з аўтобуса і адмовіўся пакідаць Беларусь. Некалькі гадзін Статкевіч прасядзеў паміж двума пунктамі пропуску. У выніку яго вывезлі з мяжы людзі ў масках. Доўгі час не было вядома, дзе ён знаходзіцца. Потым з’явіліся звесткі, што ён знаходзіцца ў турме ў Глыбокім. Лукашэнка публічна пацвярджаў, што Статкевіча вярнулі ў турму. 19 лютага ён быў зноў вызвалены. За месяц да гэтага палітвязень перанёс інсульт, у яго было парушана маўленне. Пры гэтым Статкевіч быў вызвалены без дакументаў. Учора ён расказаў, што яго пашпарт усё ж такі знайшоўся.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!