Дырэктарам Тэатра лялек прызначылі выхадца з сілавых структур

Дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек прызначаны 49‑гадовы Вячаслаў Леаненка. Як высветліла «Люстэрка» з дапамогай «Кіберпартызан», ён выхадзец з сілавых структур, маёр міліцыі, які да гэтага працаваў у сферы аховы.

Пасада дырэктара тэатра лялек заставалася вакантнай з лютага гэтага года, калі сышла мінулая кіраўніца Таццяна Тоўсцік, меркавана, каб вярнуцца да выкладчыцкай працы.

Вячаслаў Леаненка з 2024 года лічыўся ў Тэатры лялек намеснікам дырэктара. Аднак на сайце тэатра не было ніякай інфармацыі пра тое, хто гэты чалавек, не з’явілася там яго біяграфія і цяпер, калі Леаненку прызначылі дырэктарам.

Звестак пра яго ў нейкіх адкрытых крыніцах няма.

«Люстэрка» з дапамогай «Кіберпартызан» высветліла сілавое мінулае гэтага чалавека.

Вячаслаў Леаннка скончыў Акадэмію МУС у 2001 годзе, працаваў у сталічнай міліцыі і да 2008‑га даслужыўся да маёра. У 2012 годзе 35‑гадовага міліцыянера звольнілі з пасады старшага эксперта-крыміналіста Заводскага РУУС Мінска да заканчэння тэрміну кантракта па згодзе бакоў (абставіны невядомыя). Адразу пасля гэтага Леаненка ўладкаваўся ў «Еўрагандаль» (сетка «Еўраопт») у службу аховы і ў 2015‑м стаў намеснікам начальніка аховы. У 2017 годзе перайшоў у «Дабраном» (сеткі «Капеечка», «Маяк» і «Дабраном»).

У лістападзе 2023 года Леаненка паступіў на працу ў Заводскую раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Белая Русь» (цяпер ператворана ў галоўную партыю ўлады) на невядомай пасадзе. А ўжо праз два месяцы, у студзені 2024-га, быў прызначаны намеснікам дырэктара Тэатра лялек.

«Люстэрка» нагадвае, што практыка ўводзіць сілавікоў у кіраўніцтва значных арганізацый сёння звычайная ў Беларусі, у тым ліку ў сферы культуры: напрыклад, у тым жа 2024-м намеснікам дырэктара па бяспецы, рэжыму і кадрах Мінскага тэатра імя Горкага стаў Юрый Петрашэўскі — маёр міліцыі, які працаваў начальнікам крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маладзечанскага РАУС. Дырэктарам Гродзенскага драматычнага ў 2012-2025 гадах з’яўляўся былы ваенны Ігар Гедзіч, экс-член Савета Рэспублікі. Аднак выхадцаў з міліцыі менавіта сярод дырэктараў яшчэ не было.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!