“Знайшоўся” пашпарт Статкевіча

Мікалай Статкевіч у сваім тг-канале паведаміў, што “знайшоўся” яго пашпарт. Ён выяўлены ў СІЗА-1 Мінска. Палітыку забаронены выезд з Беларусі.

“Нарэшце атрымалася знайсці мой пашпарт. Чамусьці ў Мінску – у СІЗА-1. Разам з пашпартам знайшліся і мае турэмныя рэчы, сярод якіх – “судовы” прысуд і рашэнне “апеляцыйнай інстанцыі”. Цікавыя дакументы для будучых даследчыкаў ці следчых. Таксама ёсць рашэнне “суда”, якое забараняе мне пакідаць краіну і (які жах!) наведваць казіно”, – паведаміў Статкевіч.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2025 года ён увайшоў у лік 52 палітвязняў, якіх павінны былі вывезці ў Літву.

Аднак ён выйшаў з аўтобуса і адмовіўся пакідаць Беларусь. Некалькі гадзін Статкевіч праседзеў паміж двума пунктамі пропуску. У выніку яго вывезлі з мяжы людзі ў масках. Доўгі час не было вядома, дзе ён знаходзіцца. Потым з’явіліся звесткі, што ён знаходзіцца ў турме ў Глыбокім. Лукашэнка публічна пацвярджаў, што Статкевіча вярнулі ў турму. 19 лютага ён быў зноў вызвалены. За месяц да гэтага палітвязень перанёс інсульт, у яго была парушана маўленне. Пры гэтым Статкевіч быў вызвалены без дакументаў.

Фота: тг-канал Мікалая Статкевіча
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!