Сталі вядомыя прысуды тром мытнікам, абвінавачаным у здрадзе дзяржаве

Галоўны інспектар мытнай службы Яўген Гурыновіч прысуджаны да 13,5 года пазбаўлення волі, Віктар Новік — да 13 гадоў, Уладзімір Журомскі — да 12 гадоў. Іх абвінавачвалі па васьмі артыкулах КК, у тым ліку ў здрадзе дзяржаве, удзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні» і распальванні варожасці, паведамляе ініцыятыва Dissident.by.

Суд адбыўся ў 2024 годзе. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, прычынай пераследу стала тое, што Гурыновіч і яго калегі змагаліся супраць кантрабанды беларускіх цыгарэт у ЕС і фактычна перашкаджалі кантрабандным схемам, якія кантралююцца беларускімі ўладамі.

Гурыновіча, Журомскага і Новіка затрымалі ў 2022 годзе. Пры затрыманні Гурыновіча збілі і сур’ёзна пашкодзілі спіну. Пасля гэтага ён доўгі час не мог хадзіць, перамяшчаўся на інвалідным крэсле і з дапамогай мыліц. З-за моцных боляў яго некалькі разоў накіроўвалі ў бальніцу ў Калядзічах. Боль быў настолькі моцны, што Гурыновіч падаў на падлогу і не мог самастойна ўстаць. Медыкі доўга адмаўляліся даваць яму інваліднасць, але ўрэшце ў Магілёўскай бальніцы пацвердзілі, што боль мае аб’ектыўныя прычыны. Гурыновіч афіцыйна атрымаў інваліднасць.

Зараз ён утрымліваецца ў калоніі №15. Адміністрацыя прымушае яго хадзіць на зарадку і працу на мыліцах.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!