Вадим Храсько. Источник фото: spring96.org
Украінец Міхаіл Сталярчук, вызвалены з беларускай калоніі ў лістападзе 2025 года, распавёў праваабарончаму цэнтру “Вясна”, як памёр палітвязень Вадзім Храсько.
Сталярчука, кіроўцу рэйсавага аўтобуса з Ковеля, затрымалі ў лютым 2022 года за два дні да пачатку вайны. Яго абвінавацілі ў агентурнай дзейнасці за відэарэгістратар у аўтобусе, усталяваны транспартнай фірмай. Сталярчука прысудзілі да шасці гадоў калоніі. Амаль палову тэрміну ён правёў у брэсцкім СІЗА і віцебскай калоніі.
У калоніі Сталярчук стаў сведкам смерці палітвязня Вадзіма Храсько ў студзені 2024 года.
«У яго ўжо былі праблемы са здароўем. У студзені 2024 года ў яго была тэмпература, і ён хадзіў у медчастку, але яго не прымалі там. Потым яму стала так дрэнна, што ён упаў у бараку. Работнікі ўжо самі спалохаліся. Выклікалі кантралёра і медыцынскага работніка. На насілках яго аднеслі ў медчастку, дзе ён адразу і памёр. Прыехала хуткая і забрала яго. Як потым казалі кантралёры, “ён згарэў за тры дні” — памёр ад запалення, як паказала ўскрыццё. Калі б у медчастцы яму зрабілі здымак і неяк дапамаглі, то гэтага б не было», — распавёў Сталярчук.
У жніўні 2023 года Храсько прысудзілі да 3 гадоў калоніі за данаты паводле артыкула аб фінансаванні «экстрэмісцкай» дзейнасці. Яго накіравалі адбываць пакаранне ў віцебскую калонію нягледзячы на шэраг захворванняў.
50-гадовы Храсько памёр у ноч з 8 на 9 студзеня 2024 года. Афіцыйнай прычынай смерці стала пнеўманія.