Лариса Щирякова и Леонид Судаленко. Фото: facebook.com/leonid.sudalenko.7
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын зарэгістраваў скаргу экс-палітвязня журналісткі Ларысы Шчыраковай, якую прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву. Пра гэта ў Facebook паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка.
Шчыракову вызвалілі па «памілаванні» ў верасні 2025 года за некалькі месяцаў да заканчэння яе тэрміну і без яе згоды вывезлі з Беларусі ў Літву. Там яна атрымала гуманітарную візу на адзін год.
«Заканадаўства Беларусі не прадугледжвае выдварэнне сваіх грамадзян. Не было рашэння суда аб вызваленні, як і рашэння аб выдварэнні. Не было права на абскарджванне. Фактычна пазбаўленне волі было спынена праз прымусовае выгнанне», — напісаў Судаленка.
Ён дадаў, што беларускія органы ігнаруюць афіцыйныя запыты аб прававым статусе Шчыраковай і яе праве вяртання на радзіму.
Падчас зняволення ў Шчыраковай памерла маці. У Беларусі ў яе застаўся пажылы бацька і сын.
«Сёння зарэгістравалі ў Камітэце ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын скаргу, у якой паставілі пытанне пра тое, ці можа дзяржава распараджацца лёсам сваіх грамадзян як прадметам палітычных дамоўленасцяў і называць выгнанне “вызваленнем”?
Бо калі прымусовае выгнанне становіцца механізмам – гэта пагроза для кожнага!» — напісаў Судаленка.