Стала вядомая асоба грамадзяніна Літвы, затрыманага ў стараабрадцаў у Пастаўскім раёне

«Хрысціянская візія» ўстанавіла асобу грамадзяніна Літвы, затрыманага 30 мая падчас набажэнства ў вёсцы Кукляны Пастаўскага раёна. Ім аказаўся Міхаіл Рыбакоў — настаўнік Пералазскай Старажытна-Праваслаўнай Стараабрадніцкай Абшчыны з Ёнаўскага раёна Літвы.

Як піша рэсурс, Рыбакоў — вядомая фігура ў стараабрадніцкім свеце краін Балтыі. Ён дзесяцігоддзямі ўзначальваў Пералазскую абшчыну і адстойваў яе незалежнасць ад Літоўскай стараабрадніцкай царквы ў судах аж да Вышэйшага адміністрацыйнага суда Літвы. Абшчына пазіцыянуе сябе як беспапоўская, якая не прызнае духоўнай іерархіі. Купіўшы дом у Куклянах, ён адкрыта звяртаўся ў Пастаўскі райвыканкам і спрабаваў зарэгістраваць абшчыну ва ўстаноўленым парадку.

Затрыманне выклікала абурэнне сярод мясцовых вернікаў. Прыхаджанка абшчыны Святлана П. назвала публікацыю раённай газеты хлуснёй і ўказала, што Рыбакоў прывёў у парадак малельню, спрабаваў выкупіць стары дом для аднаўлення і перадачы абшчыне, тады як райвыканкам «ні на грам не дапамог словам або справай».

Міліцыя назвала Рыбакова «ілжэсвятаром», аднак, як указвае рэсурс, ён з’яўляецца перакананым беспапоўцам — прыхільнікам кірунку стараабрадніцтва, які ў прынцыпе адкідвае інстытут святарства.

Нагадаем, гісторыю затрымання расказала напрыканцы мая раённая газета «Пастаўскі край». Паводле інфармацыі выдання, грамадзянін Літвы меў намер афіцыйна зарэгістраваць рэлігійную абшчыну ў Пастаўскім райвыканкаме, але рабочая група райвыканкама выявіла ў пададзеных дакументах «прыкметы фальсіфікацыі» і адмовіла. У выніку яго затрымалі.

Ва УУС Віцебскага аблвыканкама замежніка назвалі «ілжэсвятаром».

«Супрацоўнікі Пастаўскага РАУС затрымалі 52-гадовага ілжэсвятара з Літвы. З’яўляючыся грамадзянінам гэтай краіны, мужчына прыехаў у Беларусь, купіў дом і праз інтэрнэт-месенджар стаў заклікаць грамадзян наведваць стараабрадніцкія набажэнствы.

Арганізоўваў гэтыя мерапрыемствы ў сябе па месцы жыхарства ў адной з вёсак Пастаўскага раёна, пры гэтым збіраючы ахвяраванні з паствы. Адпаведнай адукацыі і дазволу райвыканкама на правядзенне масавых рэлігійных мерапрыемстваў не меў», — заявілі ва ўпраўленні.

Грамадзяніну Літвы пагражае высылка з Беларусі за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!