Старообрядческая церковь Успения Пресвятой Богородицы в Куклянах. Фото: orda.of.by
У вёсцы Кукляны Пастаўскага раёна быў затрыманы грамадзянін Літвы падчас рэлігійнай службы ў мясцовых стараабрадцаў. Мужчыну абвінавачваюць у правядзенні рэлігійных службаў без адпаведнага права на тэрыторыі Беларусі. На публікацыю раённай газеты «Пастаўскі край» звярнула ўвагу «Віцебская вясна».
Затрыманы меў намер афіцыйна зарэгістраваць рэлігійную абшчыну ў Пастаўскім райвыканкаме, але рабочая група выканкама выявіла ў пададзеных дакументах «прыкметы фальсіфікацыі». Паводле даных выканкама, агульныя сходы ўдзельнікаў абшчыны фактычна не праводзіліся, у спісы заснавальнікаў былі ўнесены грамадзяне, якія нават не ведалі пра гэта, а людзей уводзілі ў зман пры зборы подпісаў — ім казалі, што яны падпісваюцца за добраўпарадкаванне царквы і могілак. Таксама сцвярджаецца, што статут абшчыны супярэчыў беларускаму заканадаўству.
Як адзначаюць праваабаронцы, вёска Кукляны — гістарычны цэнтр стараабрадніцтва на Віцебшчыне. Большасць мясцовых жыхароў належыць да Старажытнаправаслаўнай Паморскай царквы (беспапоўцы) і захоўвае ўласныя рэлігійныя абрады. Тут знаходзіцца ўнікальны гістарычны помнік — драўляная стараабрадніцкая царква Успення Прасвятой Багародзіцы, пабудаваная ў першай палове XIX стагоддзя. У сярэдзіне XIX стагоддзя, калі ў рэгіёне дзейнічалі жорсткія абмежаванні на стараабрадніцкія набажэнствы, Куклянскі прыход быў адным з нямногіх месцаў, дзе афіцыйна функцыянавалі дазволеныя малітоўныя дамы.