Стала вядома, што інкрымінуюць сям’і Міронцавых з Мінска

Лукер’я Міронцава і яе дачка Вераніка затрыманыя паводле артыкулаў ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Пра гэта паведаміла былая палітзняволеная рэдактарка TUT.by Марына Золатава.

“У СІЗА знаходзяцца Лукер’я і Вераніка Міронцавы. Гэта маці і сястра Вікторыі і Стасі Міронцавых, якія ўжо адкруцілі свае тэрміны. Лукер’і і Вераніцы ставяць у віну ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — ЗАМAХ на садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”, — напісала яна.

Пра затрыманне стала вядома ў снежні 2025 года, аднак інфармацыі пра тое, што менавіта ім інкрымінуюць, не было.

У жніўні 2020 года сёстры Вікторыя, Анастасія і Аляксандра Міронцавы заступіліся за грамадзян, якіх збівалі супрацоўнікі АМАПа. Аляксандры ўдалося пакінуць краіну, а Вікторыя і Анастасія былі затрыманыя ў кастрычніку 2020 года.

Анастасія атрымала два гады калоніі агульнага рэжыму, а Вікторыя — 2,5 года пазбаўлення волі. Сясцёр абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 КК (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Вікторыю таксама абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў). У 2022 годзе абедзве сястры выйшлі на волю, поўнасцю адбыўшы тэрміны.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!