Стала вядома пра чарговае затрыманне па «справе Гаюна»

У Беларусі працягваюцца затрыманні па «справе Гаюна». На гэтым тыдні праваабаронцам стала вядома пра чарговае затрыманне ў Наваполацку.

Падрабязнасці пра асобу затрыманага і абставіны пераследу пакуль не паведамляюцца, таму казаць пра канкрэтныя абвінавачанні заўчасна, піша праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабаронцы адзначаюць, што затрыманні адбываюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. На чэрвень 2026 года было вядома як мінімум пра 200 асуджаных па гэтай справе, аднак рэальная колькасць фігурантаў значна большая.

Першапачаткова затрыманым прад’яўлялі абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса. Людзям прызначалі розныя пакаранні — ад «хатняй хіміі» да рэальных тэрмінаў зняволення. Вядомыя таксама выпадкі ціску на затрыманых і спроб прымусіць іх «адкупіцца» ад крымінальнага пераследу праз так званыя “добраахвотныя ахвяраванні” дзяржаўным установам.

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які адсочвае ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў. Маніторынгавая група была створана перад пачаткам расійска-ўкраінскай вайны актывістам Антонам Матолькам. У пачатку лютага 2025 года сілавікі атрымалі доступ у чат з ботам праекта. Пасля гэтага праект абвясціў пра спыненне працы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!