Аднаўленне балот і паласы з умацаваннямі — Літва плануе ўзмацніць лінію абароны мяжы з Беларуссю і РФ

Урад Літвы ухваліў праект пастановы аб мерах ваеннай контрмабільнасці, падрыхтаваны Мінабароны Літвы. Прадугледжаныя ў праекце меры дазволяць ускладніць патэнцыйнаму праціўніку доступ на тэрыторыю Літвы і яго перамяшчэнне па ёй, паведамляе прэс-служба літоўскага ўрада.

Праект пастановы прадугледжвае аднаўленне балот на памежнай тэрыторыі і стварэнне палос з інжынернымі сродкамі.

«Мы імкнёмся максімальна эфектыўна выкарыстоўваць асаблівасці тэрыторыі Літвы і інжынерныя сродкі, каб у выпадку неабходнасці ўскладніць перамяшчэнне праціўніка і стварыць больш спрыяльныя ўмовы для дзеянняў нашай арміі. Таму разам з ужо рэалізаванымі мерамі мы прадугледжваем і новыя рашэнні, уключаючы аднаўленне балот і фарміраванне ўчасткаў спецыяльных інжынерных сродкаў на мяжы», — заявіў намеснік міністра абароны Літвы Томас Мікелкявічус.

Да канца 2028 года на мяжы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю РФ плануецца стварыць паласу са сродкамі контрмабільнасці шырынёй 20 метраў, а ў асобных раёнах — да 150 метраў.

У пералік мер ваеннай контрмабільнасці ўключаецца аднаўленне балот да канца 2030 года. У Літве лічаць, што пасля аднаўлення гідралагічнага рэжыму такія ўчасткі на працягу некалькіх гадоў стануць цяжкапраходнымі для цяжкай тэхнікі.

Колькасць паркаў інжынерных сродкаў ваеннай контрмабільнасці плануецца павялічыць да 50 да канца 2028 года.

Літва працягне ўсталёўваць рэзервовыя загароды на асобных участках дарог і падыходах да мастоў. На мастах прадугледжана ўстаноўка інжынерных канструкцый, прызначаных для мацавання выбуховых рэчываў. Да канца гэтага года плануецца змяніць прававыя акты, якія рэгулююць праектаванне мастоў. У іх будзе дададзена патрабаванне прадугледжваць у новых і рэканструяваных мастах канструкцыі і месцы, прызначаныя для мацавання выбуховых рэчываў і разбурэння канструкцый мастоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!