Скриншот эфира "Первый информационный"
Прапагандысты паказалі сюжэт пра Наталлю Левую — палітвязню, якую памілаваў сёння Аляксандр Лукашэнка. У сюжэце пад назвай “Шанец на будучыню” намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч сустракаецца з маці і мужам Наталлі, якія прыехалі з Брэста ў гомельскую калонію.
Аўтары сцвярджаюць, што яны прыбылі “на размову, ручацца за жонку і дачку”. Пазней у залу ў халаце з жоўтай біркай прыводзяць саму Наталлю, асуджаную ў 2024 годзе да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Казакевіч на камеру задае ёй пытанні пра стаўленне да “ўчыненых у мінулым супрацьпраўных дзеянняў”.
“Так, вы асуджаны, адбываеце пакаранне і гэтак далей. Але ці змянілася ваша стаўленне да таго, што вы рабілі? Маецца на ўвазе садзейнічанне экстрэмізму, фінансаванне экстрэмізму і гэтак далей. У выпадку станоўчага разгляду вашага хадайніцтва ці маеце намер далей займацца супрацьпраўнай дзейнасцю?” — цікавіцца ён.
«Я хачу займацца сям’ёй”, — гучыць адказ.
Прадстаўнік МУС далей вырашае патлумачыць, што вызваленне было прадыктавана не “палітычнымі момантамі”, а “спагадай” і “міласэрнасцю”.
Прашэнне аб “памілаванні” Наталля падпісвае ў той жа зале.
“Звяртаючыся да прэзідэнта, напісала, што раскайваецца, прасіла вас пра паблажлівасць, апісвала планы на жыццё і планы па выхаванні сына ў Беларусі. Наталля ўказала на тое, што гатовая весці законапаслухмяны лад жыцця. Хадайніцтва з неабходным пакетам дакументаў было накіравана неадкладна кіраўніку дзяржавы”, — заяўляюць прапагандысты.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс у сюжэце заяўляе, што памілаванне “прадастаўлена пад умову правапаслухмяных паводзінаў”.
“Нягледзячы на тое, што злачынства, учыненае асуджанай, адносіцца да катэгорыі цяжкіх, і асуджаная адбыла менш за палову тэрміну прызначанага пакарання, кіраўніком дзяржавы прынята станоўчае рашэнне. Пры гэтым памілаванне прадастаўлена пад умову правапаслухмяных паводзінаў. Гэта азначае, што калі парушаюцца нормы крымінальнага закона, асоба вяртаецца ў месцы пазбаўлення волі”, — кажа яна, нагадаўшы, што за папярэдні год Лукашэнка на падставе ўнесеных прапаноў памілаваў 352 чалавекі.
“Аднак кіраўнік дзяржавы можа прымаць і індывідуальныя рашэнні ў выключных выпадках, улічваючы асаблівыя жыццёвыя абставіны, стан здароўя і кіруючыся прынцыпам гуманізму. Уласна, такое рашэнне і было прынята сёння кіраўніком дзяржавы, калі ён падпісаў указ”, — заявіла чыноўніца.
Нагадаем, у ліпені 2024 года Брэсцкі абласны суд прыгаварыў Наталлю да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 40 тысяч рублёў. Наталлю прызналі вінаватай па наступных артыкулах крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 361-1 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях) і арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. страціў сілу ў 2021-м)).
У красавіку 2025 года АНТ паказала прапагандысцкі сюжэт пра затрыманні за ахвяраванні, у тым ліку Наталлі.
У студзені 2026 года стала вядома, што Наталля зацяжарыла ў калоніі пасля спаткання з мужам, роды чакаюцца ў сакавіку.