Абваленая сцяна езуіцкага касцёла. Фота: bobr.by
Руіны былога езуіцкага касёла – самага старога будынка Бабруйска – перададзены ў прыватную ўласнасць кампаніі «Эйчэмсі груп», звязаную з Аляксандрам Зайцавым, якога называюць «кашальком» Лукашэнкі. Бізнесмен, які перайшоў у каталіцтва, шчодра ахвяруе на будаўніцтва касцёлаў у Беларусі. У снежні 2022 года ён стаў першым у гісторыі краіны рыцарам папскага Ордэна Святога Грыгорыя Вялікага.
Згодна з новым адказам з Міністэрства культуры, атрыманым падпісчыкамі тэлеграм-канала «Спадчына» адносна лёсу найстарэйшага будынка горада, яшчэ 30 верасня 2025 года помнік архітэктуры (афіцыйна ён фігуруе пад назвай «Гаўптвахта») быў бязвыплатна перададзены з камунальнай уласнасці ў прыватную — ТАА «Эйчэмсі груп».
Па ўмовах дагавора новы ўласнік абавязаны выканаць рамонтна-рэстаўрацыйныя працы на працягу трох гадоў, то бок да 30 верасня 2028 года. У выпадку зрыву тэрмінаў ён павінен будзе выплаціць гораду няўстойку.
Таксама паведамляецца, што ў сакавіку 2026 года Мінкультуры ўжо выдала кампаніі дазвол на выкананне навукова-даследчых і праектных прац па рэканструкцыі аб’екта са змяненнем яго прызначэння.
Касцёл быў пабудаваны ў 1745–1747 гадох у стылі барока паводле праекту віленскага архітэктара Тамаша Жаброўскага і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры Расійскай імпэрыі ў будынку ўладкавалі склад зброі, у савецкі час там знаходзілася вайсковая турма (гаўптвахта). Пасля яе закрыцця ў пачатку 2000-х касцёл пуставаў.
У 2011 і 2012 гадох у будынку адбыліся пажары, якія моцна пашкодзілі помнік. Увесну 2025 года абвалілася сцяна паўночнай сакрыстыі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram