Для пачатку дыялогу з Беларуссю неабходныя фундаментальныя змены. Пра гэта заявіла дарадца прэзідэнта Літвы Аста Скайсгірытэ ў эфіры Žinių radijas.
Паводле яе слоў, Беларусь застаецца залежнай ад Расіі. Цесная інтэграцыя ваенных структур Беларусі і Расіі, меркаванае размяшчэнне на тэрыторыі краіны расійскай ядзернай зброі ўказваюць на тое, што РФ можа выкарыстоўваць саюзніка ў сваіх мэтах.
“Усё гэта ўказвае на тое, што калі Расія захоча выкарыстаць тэрыторыю Беларусі, яна зможа гэта зрабіць, як яна гэта рабіла, ужо рабіла ў 2022 годзе, калі нападала на Украіну”, – сказала Скайсгірытэ.
Пазіцыя Вільнюса ў дачыненні да Мінска, на яе думку, хутчэй становіцца больш жорсткай, чым змякчаецца.
“Мы прытрымліваемся сваёй лініі, і я думаю, што, нягледзячы на ўсе размовы ў публічнай прасторы, мы будзем працягваць яе прытрымлівацца. Беларускі рэжым — рэпрэсіўны рэжым, санкцыі супраць Беларусі павінны ўзмацняцца”, – сказала яна.
У дарадцы прэзідэнта Літвы таксама пацікавіліся перспектывамі палітычнага дыялогу з Беларуссю.
“Амерыканцы пачалі дыялог і гавораць пра вызваленне палітычных зняволеных, што зноў жа вельмі добра і правільна ў гуманітарным сэнсе. Аднак існуюць тысячы палітычных зняволеных. Такая сітуацыя. Адных вызваляюць, іншых саджаюць у турму. Гэта, ведаеце, такі дыялог. Што ж, я думаю, што для таго, каб гэты змястоўны дыялог стаў магчымы, неабходныя некаторыя фундаментальныя змены”, – сказала яна.
