7 беларусаў і замежнікаў будуць судзіць за арганізацыю незаконнай міграцыі

Пракуратура Мінска накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да чатырох грамадзян Беларусі і трох замежнікаў. Беларусаў абвінавачваюць у арганізацыі незаконнай міграцыі, учыненай службовымі асобамі з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў. Замежнікаў — у дапамагальніцтве ў арганізацыі незаконнай міграцыі.

Паводле версіі абвінавачання, з сакавіка 2023 года па красавік 2025 года абвінавачаныя арганізоўвалі, у тым ліку з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, незаконны ўезд замежнікаў у Беларусь. Яны складалі фіктыўныя дакументы аб працаўладкаванні або намеры працаўладкаваць замежнікаў, якія падаваліся ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі.

Фіктыўныя дакументы дазвалялі замежнікам атрымліваць беларускія візы ў пасольствах, уязджаць і заставацца ў Беларусі.

Для афармлення дакументаў удзельнікі групы выкарыстоўвалі створаныя імі суб’екты гаспадарання, іх пячаткі і бланкі.

Паводле фіктыўных дакументаў у Беларусь уехалі не менш як 158 замежнікаў. Удзельнікі групы атрымалі даход не менш як 56 тысяч рублёў, паведамляе пракуратура Мінска.

Абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!