СК скончыў расследаванне жорсткага забойства ў Чэрыкаве

Следчы камітэт скончыў расследаванне жорсткага забойства ў Чэрыкаве. Яно адбылося ў ноч на 25 снежня. Загінула жанчына. Яна памерла за дзень да свайго 47-годдзя.

Абвінавачанне ў здзяйсненні забойства прад’яўлена 40-гадоваму мясцоваму жыхару. Паводле версіі следства, знаходзячыся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, ён нанёс гаспадыні дома шматлікія ўдары кухонным нажом і іншымі прадметамі, якія знаходзіліся на кухні.

“Следчыя ўстанавілі, што пасля забойства з-за ўзніклай асабістай непрыязнасці фігурант здзейсніў таксама здзек над трупам. Ён пасмяротна нанёс загінулай шматлікія колата-рэзаныя раненні, пасля чаго пашкодзіў частку мяккіх тканак і органаў”, — дадалі ў СК.

На допыце мужчына патлумачыў, што ўвечары 24 снежня прыйшоў у госці да былой жонкі стрыечнага брата, каб абмеркаваць яе асабістыя праблемы.

“Пасля сумеснага ўжывання алкаголю ён пачаў прыставаць да жанчыны, але атрымаў адмову — гэта выклікала агрэсію. Пасля здзейсненага злачынства ён паспрабаваў схаваць сляды: спаліў свае рэчы і абутак”, — расказалі ў СК.

Абвінавачанні прад’яўлены па п. 6 ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю) і ч. 1 арт. 347 (здзек над трупам) Крымінальнага кодэкса. Раней фігурант прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзеж.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!