Сярод затрыманых на злёце Rainbow Family пад Расонамі — грамадзяне Расіі

Сярод удзельнікаў злёту руху Rainbow Family, затрыманых пад Расонамі, былі грамадзяне Расіі. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», некаторых з іх пасля амаль сутак у ізалятары часовага ўтрымання пачалі вызваляць.

Ім выдаюць забарону на ўезд у Беларусь тэрмінам на адзін год.

Нагадаем, напярэдадні стала вядома пра масавае затрыманне ўдзельнікаў штогадовага злёту Rainbow Family у Расонскім раёне Віцебскай вобласці. Паводле даных праваабаронцаў, 29 ліпеня былі затрыманыя каля 350 чалавек. Сярод іх былі сем’і з дзецьмі, а некаторым непаўналетнім давялося правесці ноч у ІЧУ разам з бацькамі.

У МУС заявілі, што праверка была праведзена пасля паведамлення пра шумнае мерапрыемства на беразе возера з вялікай колькасцю людзей. Паводле інфармацыі ведамства, на месцы быў выяўлены намётавы лагер, сярод удзельнікаў знаходзіліся замежнікі і непаўналетнія. Паведамлялася пра затрыманне арганізатараў мерапрыемства — 23-гадовай дзяўчыны і 52-гадовага мужчыны з Мінска.

У дачыненні да ўдзельнікаў пачалі адміністрацыйныя працэсы паводле артыкула аб парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф, грамадскія работы або адміністрацыйны арышт.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!