МУС пацвердзіла рэйд на намётавы лагер пад Расонамі

МУС Беларусі пацвердзіла правядзенне рэйду на масавым мерапрыемстве ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці з больш як 300 удзельнікамі.

Як заявілі ў ведамстве, падставай для праверкі стала паведамленне на лінію 102 пра шумнае мерапрыемства на беразе возера з вялікай колькасцю людзей.

Сілавікі, якія прыбылі на месца, выявілі намётавы лагер. Паводле інфармацыі МУС, сярод удзельнікаў былі замежныя грамадзяне і непаўналетнія.

“Тыя, хто сабраўся, паставілі намёты, развялі вогнішчы і зладзілі гулянні з гучнай музыкай і выкарыстаннем атрыбутыкі розных рэлігійных плыняў. Многія з іх знаходзіліся ў голым выглядзе пры малалетніх дзецях”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

МУС паведаміла пра затрыманне арганізатараў мерапрыемства — 23-гадовай дзяўчыны і 52-гадовага мужчыны з Мінска.

У дачыненні да ўдзельнікаў распачаты адміністрацыйны працэс паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф да 150 базавых, грамадскія работы або адміністрацыйны арышт.

Нагадаем, раней пра масавыя затрыманні паведамілі праваабаронцы. Паводле інфармацыі «Віцебскай вясны», 29 ліпеня пад Расонамі былі затрыманыя каля 350 чалавек. Паводле папярэдніх даных, гаворка ішла пра ўдзельнікаў штогадовага злёту руху Rainbow Family, які аб’ядноўвае прыхільнікаў гарманічнага суіснавання з прыродай, альтэрнатыўнага ладу жыцця і крытыкі ўмоўнасцяў капіталістычнага грамадства.

Паведамлялася, што падчас рэйду людзей затрымлівалі цэлымі сем’ямі, а некалькі непаўналетніх разам з дарослымі правялі ноч у ізалятары часовага ўтрымання.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на затрыманых былі складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а судовыя разборы павінны адбыцца на працягу двух месяцаў.

Фота: t.me/pressmvd

Фота: t.me/pressmvd
Фота: t.me/pressmvd
Фота: t.me/pressmvd
Фота: t.me/pressmvd
Фота: t.me/pressmvd
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!