Сістэма крымінальнага правасуддзя Беларусі выкарыстоўваецца для рэпрэсій – эксперты ААН

Галоўнае
Фото: pixabay.com

Група незалежных экспертаў ААН па становішчы з правамі чалавека ў Беларусі апублікавала новы даклад, у якім апісваецца ўцягнутасць беларускіх дзяржорганаў у парушэнне правоў чалавека ў рамках крымінальнага правасуддзя. Даклад прадстаўлены Савету па правах чалавека ААН перад яго 63-й сесіяй.

“Беларускія ўлады выкарыстоўваюць сістэму крымінальнага правасуддзя краіны ў якасці інструмента рэпрэсій, сістэматычна пераследуючы і падвяргаючы ганенням асоб, якія лічацца праціўнікамі ўрада”, – робяць выснову эксперты.

У ім падкрэсліваецца, што праваахоўныя органы, службы бяспекі, пракуратура і судовая сістэма дзейнічалі супольна з 1 мая 2020 года, падаўляючы асноўныя правы і свабоды.

«У выніку перад намі паўстае не карціна асобных парушэнняў, а сістэма, у якой дзяржаўныя інстытуты сістэматычна выкарыстоўваюцца для падаўлення іншадумства і асноўных свабод. Крымінальна-прававыя працэсы з’яўляюцца неад’емнай часткай больш шырокага механізму рэпрэсій. Іх наступствы адчуваюць не толькі арыштаваныя, прыцягнутыя да адказнасці або зняволеныя, але і ўсё грамадства, якое папярэджваюць пра цану іншадумства», — заявіла Карына Маскаленка, старшыня Групы незалежных экспертаў.

У дакладзе гаворыцца, што затрыманні часта маюць адвольны і жорсткі характар. Яны праводзяцца міліцыяй, КДБ, ГУБАЗіК МУС. Затрыманні адбываюцца без ордараў, затрыманых збіваюць і катуюць, пазбаўляюць доступу да адвакатаў і прымушаюць запісваць зневажальныя відэаролікі з «раскаяннем» пад ціскам і пагрозамі ў адрас іх сем’яў.

У дакуменце таксама акцэнтуецца ўвага на антысанітарных умовах утрымання ў ЦІП на Акрэсціна, асвятляюцца выпадкі злоўжыванняў.

Таксама група экспертаў падкрэслівае, што адвакатаў пазбаўляюць адвакацкай ліцэнзіі або затрымліваюць, хадайніцтвы звычайна адхіляюцца, а пасяджэнні часта праводзяцца за зачыненымі дзвярыма, у той час як падсудныя ўтрымліваюцца ў металічных клетках у зале суда. Апеляцыйныя суды амаль паўсюдна пакідаюць у сіле абвінаваўчыя прысуды, і суды ўсё часцей разглядаюць справы асоб, якія крытыкуюць урад або абвешчаныя крытыкамі ўрада, пражываюць за мяжой, завочна, без належнага апавяшчэння або абароны.

«Вызваленне мае важнае значэнне для тых, хто зноў здабыў свабоду, але гэта нельга блытаць са спыненнем рэпрэсій. Базавая сістэма, якая дазволіла здзейсніць гэтыя парушэнні, застаецца ў сіле, і прыцягненне да адказнасці па-ранейшаму вельмі неабходнае», – дадала эксперт Моніка Платэк.

У дакладзе змяшчаецца заклік вызваліць усіх асоб, затрыманых паводле палітычна матываваных абвінавачанняў, паважаць і абараняць правы чалавека ўсіх людзей у Беларусі, аператыўна і эфектыўна расследаваць заявы аб парушэннях правоў чалавека і прыцягнуць да адказнасці вінаватых, а таксама забяспечыць поўную кампенсацыю ахвярам.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.