Иллюстративное фото: ГУВД Мингорисполкома
Сілавікі знайшлі новы спосаб помсціць за ўдзел у пратэстах 2020 года — яны прыходзяць дадому да беларусаў, якіх ужо нельга прыцягнуць да адказнасці праз заканчэнне тэрміну даўнасці, паведамляе «Наша Нiва» са спасылкай на крыніцы.
Выданню вядомыя некалькі выпадкаў у Магілёве, калі супрацоўнікі ГУБАЗіК урываліся ў кватэры «для прафілактыкі».
«Выязная акцыя запалохвання выглядала так. Супрацоўнікі ГУБАЗіК, некалькі чалавек, прыходзілі каля 7 раніцы. Калі чалавек адчыняў дзверы пасля стуку, яго клалі тварам у падлогу, рукі заломвалі. Дома ператрэсвалі і раскідвалі рэчы (быццам больш для галачкі, чым з мэтай нешта адшукаць)», — піша выданне.
Затым чалавека забіралі ў аддзяленне на «прафілактычную гутарку», папярэджвалі пра адказнасць за «пратэсную» дзейнасць, казалі, як адсочваюць «экстрэмістаў». Сілавікі давалі падпісаць паперу, што людзі зразумелі рызыку крымінальнай адказнасці за новыя факты пратэсту. Пасля гэтага людзей адпускалі дадому.
Вядома, што сілавікі прыходзілі за пратэсты 2020 года, каб людзі, як яны тлумачылі, «не расслабляліся».
Невядома, ці ўжываецца такая практыка запалохвання ў іншых рэгіёнах.