Фото: president.gov.by
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга пракаментаваў публічную прапанову Лукашэнкі сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, назваўшы яе «вельмі дзіўнай заявай» і даў зразумець, што Кіеў не зацікаўлены ў гэтым. Гэта прагучала на анлайн-канферэнцыі пасля вяртання з міністэрскай сустрэчы НАТА, піша «Еўрапейская праўда».
«У найбліжэйшы час мы чакаем ва Украіне Ціханоўскую, таму ў нас ёсць з кім гаварыць па ўсіх пытаннях, якія датычацца Беларусі», — заявіў ён.
Паводле даных «Еўрапейскай праўды», візіт можа адбыцца ўжо на наступным тыдні.
Каментуючы планы Украіны на беларускім кірунку, Сібіга падкрэсліў, што лічыць гістарычныя мэты Украіны і Беларусі роднаснымі.
«Мы павінны дапамагчы Беларусі стаць еўрапейскім партнёрам, таму што Беларусь – гэта таксама Еўропа», — сказаў ён.
Нагадаем, напярэдадні Лукашэнка выказаў гатоўнасць сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім для абмеркавання двухбаковых адносін.
«Калі ён хоча пра нешта пагаварыць, параіцца ці яшчэ штосьці, калі ласка, мы адкрытыя для гэтага. У любой кропцы — Украіны, Беларусі — я гатовы з ім сустрэцца і абмеркаваць праблемы беларуска-ўкраінскіх адносін. І, можа, пагаварыць пра перспектывы. Чамусьці з амерыканцамі, немцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі ў нас ёсць пра што размаўляць, а з Украінай няма пра што…», — заявіў ён.
Саветнік украінскага лідара Дзмітрый Літвін у адказ заявіў, што словы Лукашэнкі нічога не значаць яшчэ з 2022 года, калі Беларусь стала плацдармам для расійскай агрэсіі.
«Таму сочым за яго дзеяннямі. Лукашэнка мае звычку крыху тупавата прыдумваць постфактум, адкуль на яго «рыхтаваўся напад». Пра што тут гаварыць», — сказаў ён.