Сакрэта выказаўся пра нелегальную міграцыю і прапанаваў браць прыклад са злачынцаў і кантрабандыстаў

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сакрэта даў інтэрв’ю NachDenkSeiten, у якім зрабіў некалькі заяў пра адносіны Беларусі з суседзямі, нелегальную міграцыю і санкцыі. Пераклад інтэрв’ю апублікаваны на сайце МЗС.

NachDenkSeiten — створаны ў 2003 годзе блог, прысвечаны грамадска-палітычнай тэматыцы. Праект называе сябе «крытычным сайтам» для людзей, якія «сумняваюцца ў мэйнстрымавых публічных лідарах меркаванняў і выступаюць супраць ходкіх лозунгаў». Сайт крытыкуюць за распаўсюджванне канспіралагічных наратываў і прарасійскую рыторыку.

Сакрэта заявіў, што замежнікі прыязджаюць у Беларусь легальна і знаходзяцца ў краіне на легальных падставах, але затым вырашаюць перасекчы мяжу па-за пунктамі пропуску.

«Калі гэтыя людзі прыязджаюць у Беларусь, у нас да іх няма ніякіх пытанняў. Яны прыбываюць абсалютна легальна — як правіла, з Расіі, з расійскімі візамі. У іх ёсць пашпарты, білеты, многія заключаюць дамовы на вучобу. Для нас яны не нелегалы, а легальныя турысты. Яны пакідаюць тут грошы, купляюць прадукты, жывуць у нашых гасцініцах і практычна нічым не адрозніваюцца ад звычайных падарожнікаў. Але ў нейкі момант яны вырашаюць перасекчы мяжу з Еўрасаюзам. А як зрабіць гэта легальна? Польскія і літоўскія памежнікі праз афіцыйныя пункты пропуску іх не пускаюць, папрасіць прытулку не даюць. У выніку людзі карыстаюцца «зялёнай мяжой» і перасякаюць яе там, дзе няма памежных патрулёў», — заявіў намеснік міністра.

Ён абвінаваціў суседнія краіны ў нежаданні супрацоўнічаць з Беларуссю для вырашэння міграцыйнага крызісу і заявіў, што Беларусь не будзе абараняць Еўропу ад мігрантаў.

«На жаль, нашы заходнія суседзі — Польшча, Літва, Латвія — не жадаюць працаваць разам з намі, каб вырашыць гэты крызіс. Яны чамусьці лічаць, што мы павінны безумоўна працаваць на іх — абараняць іх межы ад гэтых мігрантаў. Але прабачце, мы знаходзімся пад вашымі санкцыямі. Нас у Еўропе не любяць і бачыць не хочуць, і пры гэтым мы павінны вас абараняць? З якой нагоды наш памежнік павінен аберагаць спакой літоўцаў або палякаў? Калі б адносіны былі нармальнымі, пра ўсё можна было б дамовіцца. А калі не — абараняйцеся самі», — адзначыў Сакрэта.

Сакрэта заявіў, што мігранты імкнуцца ў ЕС, у прыватнасці, у Германію з-за сацыяльных гарантый, якія могуць атрымаць там. Ён параўнаў гэтую сістэму з беларускай і растлумачыў, чаму мігранты не хочуць заставацца ў Беларусі.

«У нас у Беларусі зусім іншы падыход: калі ты хочаш мець роўныя правы з беларусамі, ты павінен працаваць як беларус. Ты павінен стаць адным з нас: вывучыць мову, выконваць законы, зарабляць грошы і плаціць падаткі. Тады і стаўленне да цябе будзе як да свайго. Менавіта таму мы не прыцягваем вялізнага патоку мігрантаў — яны ведаюць, што ў нас трэба працаваць», — лічыць прадстаўнік МЗС.

Сакрэта заявіў, што ў Мінска няма пацверджаных даных пра жорсткае абыходжанне з мігрантамі ў Беларусі, і абвінаваціў суседнія краіны ў збіцці людзей і перакідванні трупаў на тэрыторыю Беларусі.

Прадстаўнік беларускага МЗС таксама прапанаваў рашэнне праблемы з нелегальнай міграцыяй. Для гэтага заходнія краіны павінны спыніць войны, навесці парадак і інвеставаць у Сірыю, Ірак і Афганістан. Таксама ён прапануе стварыць «цывілізаваныя ўмовы» на мяжы: правяраць дакументы, устанаўліваць асобы, укараняць праграмы інтэграцыі.

Сакрэта прапанаваў палітыкам браць прыклад са злачынцаў і кантрабандыстаў, якія супрацоўнічаюць, жывучы ў розных краінах.

«Палітыкі, дыпламаты, вайскоўцы, паліцыя і спецслужбы павінны наладзіць кантакты. Вось у якой сферы неабходнае рэальнае супрацоўніцтва! Трэба не арміі павялічваць, а ставіць выразныя задачы, каб паліцыя ўсіх краін працавала зладжана. Злачынцы і кантрабандысты працуюць выдатна, калі можна так выказацца, у іх гарызантальныя сувязі наладжаныя куды лепш, чым па лініі дыпламатаў. Яны паміж сабой не сварыліся і робяць вялізныя грошы. А мы, дзяржаўныя структуры, пасварыліся. Гэта шкодзіць у першую чаргу грамадскай бяспецы», — лічыць Сакрэта.

Сакрэта таксама прывёў статыстыку па мігрантах, якія парушаюць беларускае заканадаўства.

У 2025 годзе дазволы на часовае і пастаяннае знаходжанне ў Беларусі былі ануляваныя больш чым 24 тысячам замежнікаў. 4860 чалавек былі выдвараны з краіны за грубае парушэнне заканадаўства (у 2024 годзе — 5512 чалавек). Адмоўлена ва ўездзе 3885 замежным грамадзянам.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!