Сакрэта растлумачыў дыпламатам ядзерныя вучэнні ваеннымі выдаткамі суседзяў

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сакрэта правёў брыфінг для замежных дыпламатаў. Да мерапрыемства быў прыцягнуты прадстаўнік Мінабароны.

Як вынікае з паведамлення МЗС, брыфінг быў прысвечаны нядаўна праведзеным сумесным беларуска-расійскім ядзерным вучэнням. Сакрэта растлумачыў іх неабходнасць нарошчваннем ваенных выдаткаў краін-суседзяў.

«У прыватнасці, намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства канстатаваў, што сумесныя ядзерныя трэніроўкі з Расіяй цалкам адпавядаюць Дагавору аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, з’яўляюцца аналагам натаўскай практыкі „сумесных ядзерных місій“ і носяць выключна абарончы характар. Інфармацыя пра вучэнні з самага пачатку была адкрытай і агульнадаступнай.

На фоне таго, што сукупныя ваенныя выдаткі суседніх Польшчы, Літвы і Латвіі ўжо ў 25 разоў перавышаюць абаронныя асігнаванні Беларусі, а блок НАТА нарошчвае прысутнасць непасрэдна каля беларускіх межаў, ядзернае стрымліванне застаецца вымушанай, суразмернай і найбольш рацыянальнай мерай забеспячэння нацыянальнай бяспекі, якая дазваляе пазбегнуць разбуральнай гонкі ўзбраенняў», — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, былі закранутыя актуальныя пытанні беларуска-еўрапейскіх адносін.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!