Аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй трапляюцца на перавышэнні хуткасці ў Польшчы 7-9 тысяч разоў за год

Rzeczpospolita атрымала статыстыку аўтаматычнай фіксацыі перавышэння дапушчальнай хуткасці ў Польшчы.

Паводле даных выдання, у мінулым годзе ў краіне камерамі было зафіксавана 1,5 млн парушэнняў хуткаснага рэжыму, з якіх 120 тыс. прыпалі на аўтамабілі з рэгістрацыяй па-за межамі ЕС.

Найбольш значная група аўтамабіляў-парушальнікаў мела ўкраінскую рэгістрацыю. У мінулым годзе на камеры трапіліся 77,2 тыс. такіх машын. Пры гэтым колькасць парушэнняў з боку аўтамабіляў з украінскай рэгістрацыяй расце. У 2023 годзе іх было 52 тыс.

Аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй трапляліся на камеры кантролю хуткасці ў мінулым годзе 7,4 тыс. разоў. Пры гэтым у 2024 годзе беларускіх парушальнікаў было 8,1 тыс., а ў 2023-м — амаль 9,4 тыс.

Штрафы за такія парушэнні кіроўцы плацяць значна радзей. Усяго за мінулы год было выпісана 3443 штрафы, у тым ліку 2,5 тыс. — грамадзянам Украіны, 42 — Беларусі і адзін — грамадзяніну Расіі. У 2024 годзе беларусы атрымалі 129 штрафаў, а ў 2023-м — 183.

Як тлумачыцца ў артыкуле, у аўтаматычным рэжыме немагчыма ўстанавіць уладальніка аўтамабіля, які трапіў на камеру, з-за адсутнасці міжнародных пагадненняў. Таму парушальнікаў штрафуюць толькі падчас прамых праверак на дарогах, калі высвятляецца, што аўтамабіль знаходзіцца ў базе парушальнікаў.

Тым часам Міністэрства інфраструктуры Польшчы рыхтуе папраўкі ў закон аб рэгістрацыі транспартных сродкаў. Плануецца абавязаць кіроўцаў з Украіны і Беларусі перарэгістраваць свае транспартныя сродкі ў Польшчы пасля года знаходжання ў краіне. Аднак пакуль законапраект не ўнесены ў Сейм, ён знаходзіцца на дапрацоўцы пасля міжведамасных і грамадскіх кансультацый.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!