Фото: Reform.by
Аляксандр Лукашэнка зрабіў кадравыя прызначэнні ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Задачы па дзейнасці КДБ былі актуалізаваныя і канкрэтызаваныя. Лукашэнка падкрэсліў узмацненне каардынуючай ролі дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі і асабіста дзяржсакратара, паведамляе БелТА.
«Мы крыху перафарматуем Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў плане ўзмацнення Дзяржаўнага сакратарыята і ўздзеяння, уплыву на КДБ», — заявіў Лукашэнка.
Паводле слоў Лукашэнкі, некаторыя аспекты працы КДБ, напрыклад, пытанні разведкі, павінен ведаць толькі ён, але астатнія задачы павінен кантраляваць дзяржсакратар Савета бяспекі (цяпер гэтую пасаду займае Аляксандр Вальфовіч).
«Я хачу, каб вы разумелі, што роля дзяржаўнага сакратара і Дзяржаўнага сакратарыята будзе ўзмоцненая. Зразумела, што ёсць дэталі і нюансы (гэта старшыня КДБ ведае), якія дакладваюцца толькі прэзідэнту. Знешняя разведка, агентура, рэзідэнтура і іншае. Гэта павінен ведаць толькі прэзідэнт. Гэта не павінна распаўсюджвацца, расцякацца і гэтак далей. Ёсць спецыфічныя пытанні, па якіх дакладваецца інфармацыя і атрымліваецца згода або адабрэнне, або нейкая задума, нейкая праграма.
Але арганізацыйныя, кадравыя пытанні, дзе трэба нешта абмеркаваць. Ну і прыглядаць павінен дзяржсакратар і Дзяржаўны сакратарыят. Так, як урад займаецца міністэрствамі, так Дзяржаўны сакратарыят павінен займацца ўсімі сілавымі падраздзяленнямі. І дакладваць прэзідэнту», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка падкрэсліў, што Савету бяспекі нельга выпускаць з поля зроку КДБ.
«Так, як у асноўным у цябе цяпер будуюцца ўзаемаадносіны з вайскоўцамі. Таму што ты сам вайсковец. Гэта і добра. І тут ты як рыба ў вадзе. Крыху менш з МУС, але прасцей. А КДБ — гэта нібыта terra incognita. Я не датыкаюся, яны прэзідэнту падпарадкоўваюцца непасрэдна, ну і няхай», — сказаў Лукашэнка Вальфовічу.
Вальфовіч адзначыў, што цяпер яго першы намеснік — генерал КДБ.
«Гэта добра, што ён першы намеснік. Дык ён намеснік. А я кажу пра Дзяржаўны сакратарыят», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка падкрэсліў, што захавае прамыя адносіны з міністрам абароны і кіраўніком КДБ.
«Ёсць прамыя адносіны. Я за гэтым сачу, таму што людзі ў пагонах вельмі самалюбівыя. І гэта — зона адказнасці прэзідэнта. Я часта кажу дзяржсакратару: “Ты — памочнік прэзідэнта па гэтых пытаннях”. Але, нягледзячы на гэта, як дзяржсакратара твая роля будзе ўзмоцненая з сённяшняга дня. Таму я вас і запрасіў, каб вы гэта разумелі. Без усялякіх празмернасцяў», — растлумачыў Лукашэнка.