МУС адрэагавала на відэа ў TikTok пра «крышаванне» наркапрытонаў у Ваўкавыску

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла пра праверку ў сувязі з публікацыяй у TikTok. У ведамстве сцвярджаюць, што яе аўтар распаўсюджваў ілжывую інфармацыю пра супрацоўнікаў міліцыі ў Ваўкавыску.

“У сацыяльнай сетцы TikTok з’явілася відэа, аўтар якога распаўсюджваў ілжывую інфармацыю пра наркапрытоны ў Ваўкавыску, якія нібыта пакрываюць міліцыянеры. Акрамя таго, ён заявіў, што праваахоўнікі наўмысна вярбуюць непаўналетніх для ўдзелу ў гандлі забароненымі рэчывамі з мэтай іх наступнага затрымання”, — распавялі ў МУС.

Аўтарам публікацыі, як сцвярджаецца, аказаўся 39-гадовы ўраджэнец Ваўкавыска, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Польшчы.

“У Беларусі мужчына прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, размяшчаў у інтэрнэце абразлівыя каментарыі з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі ў адрас міліцыянераў. У 2024 годзе за ўчыненыя супрацьпраўныя дзеянні абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. У дачыненні да яго ўжо ўзбуджаныя 13 крымінальных спраў за экстрэмісцкую дзейнасць”, — заявілі ў ведамстве.

Па гэтым факце праводзіцца праверка. У МУС лічаць, што змест запісу можа быць кваліфікаваны як паклёп, абраза прадстаўнікоў улады і распальванне варожасці.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!