Расія нанесла масіраваны ўдар па Украіне. Загінулі тры чалавекі, не менш як 20 пацярпелі

У выніку расійскіх удараў па Украіне ў ноч на 16 жніўня і раніцай загінулі як мінімум тры чалавекі, яшчэ 20 атрымалі раненні. Пра гэта паведаміў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго слоў, у Кіеве і вобласці пацярпелі 6 чалавек, у Крывым Рогу загінулі 2 чалавекі і яшчэ 14 атрымалі раненні. У Сумах у выніку ўдару расійскага беспілотніка загінуў адзін чалавек. За бягучы тыдзень расійскія сілы нанеслі ўдары па 13 абласцях Украіны, выпусціўшы больш за 1550 ударных беспілотнікаў, амаль 1560 авіябомбаў і 62 ракеты. Зяленскі ў чарговы раз падкрэсліў, што Украіне неабходныя дадатковыя сродкі супрацьпаветранай абароны.

Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях паведаміла, што ў Кіеве ратавальнікі ліквідавалі ўсе пажары, якія ўзніклі ў выніку начной атакі. Цяпер у Абалонскім і Галасееўскім раёнах працягваюцца разбор завалаў і праліўка канструкцый.

У Крывым Рогу ўначы быў нанесены ўдар па прамысловым прадпрыемстве, дзе загінуў адзін чалавек і 13 атрымалі раненні. У горадзе ўзнік пажар. Яшчэ адзін чалавек пацярпеў у Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласці. Там былі пашкоджаны інфраструктура, прадпрыемства, прыватныя і шматкватэрныя дамы.

У Сумах беспілотнік позна ўвечары трапіў у грамадзянскі аўтамабіль у цэнтральнай частцы горада. Машына загарэлася, адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін атрымаў траўмы.

У Славянску расійская авіяцыя нанесла ўдары фугаснымі авіябомбамі па прыватным жылым сектары. Пашкоджаныя 22 прыватныя дамы, загарэліся жылы дом і гаспадарчая пабудова. Інфармацыі пра пацярпелых не паступала.

Паводле даных Паветраных сіл Украіны, у ноч на 16 жніўня Расія атакавала Кіеў, Крамянчук і Крывы Рог супрацькарабельнымі ракетамі «Онікс», балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М», С-400 і KN-23, кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69, а таксама 106 ударнымі беспілотнікамі.

Асноўнымі напрамкамі атакі сталі Кіеўская, Палтаўская і Днепрапятроўская вобласці. Паводле папярэдніх даных, да 08:00 украінская СПА збіла або падавіла тры ракеты Х-59/69 і 85 беспілотнікаў розных тыпаў. Зафіксаваныя траплянні на 13 лакацыях і падзенне абломкаў збітых цэляў на трох.

Фота: t.me/dsns_telegram
Фота: t.me/dsns_telegram
Фота: t.me/dsns_telegram
Фота: t.me/dsns_telegram
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!