Роман Шульц. Фота Татьяны Дуенковой, catholic.by
Больш за 10 польскіх святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі могуць быць вымушаныя пакінуць Беларусь. Паводле інфармацыі «Хрысціянскай візіі», 11 святароў не атрымалі ўзгаднення на працяг рэлігійнай дзейнасці або атрымалі дазвол на мінімальны тэрмін.
Як паведамляе рэсурс, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай падоўжыць дазволы на служэнне гэтых святароў. Іх імёны пакуль не называюцца.
Адзін са святароў, які ўжо павінен пакінуць Беларусь, — польскі дамініканец Раман Шульц. 15 жніўня з ім развіталіся падчас урачыстай імшы ў Магілёўскім кафедральным саборы. У набажэнстве ўдзельнічалі апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыа Чэфаліа, Юзаф Станеўскі і генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Шульц служыў у Беларусі амаль 20 гадоў. Ён быў адміністратарам парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве, арганізоўваў штогадовы Ружанцовы кангрэс і ўдзельнічаў у іншых каталіцкіх праектах.
Katolik.life пацвярджае, што Шульц не атрымаў дазволу на далейшае служэнне ў Беларусі. Раней падобная сітуацыя ўжо ўзнікала ў 2016 годзе, аднак тады рашэнне аб непадаўжэнні дазволу было адменена, і святар працягнуў служэнне.
Пасля яго ад’езду дамініканцы не змогуць самастойна працягваць апеку над магілёўскай парафіяй. Як адзначае выданне, для працягу дзейнасці манаскай супольнасці неабходныя як мінімум два манахі.
«Некаторы час манахі яшчэ будуць працягваць апеку над супольнасцю, але потым будуць вымушаныя перадаць яе. Застаецца надзея, што біскупы змогуць знайсці святароў, якія прымуць парафію і працягнуць папулярызацыю культу святой каралевы Ядвігі», — гаворыцца ў матэрыяле.