Пракуратура накіравала ў суд справы аб хабарах у ЖКГ

Пракуратура Брэсцкай вобласці накіравала ў суд чатыры крымінальныя справы аб хабарах у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Абвінавачваюцца работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў камунальнай і вытворчай сфер Баранавіцкага і Столінскага раёнаў, горада Брэста і Мінскай вобласці.

«Паводле матэрыялаў справы абвінавачаныя з чэрвеня 2024 года па сакавік 2026 года атрымлівалі ад работнікаў камерцыйнай арганізацыі, якая спецыялізуецца на продажы і абслугоўванні помпавага абсталявання для водаправодных і каналізацыйных сістэм, грашовыя сродкі.

Незаконныя ўзнагароджанні, па сутнасці „адкаты“, прадастаўляліся за пераважны выбар дадзенай арганізацыі ў якасці пастаўшчыка імпартнага помпавага абсталявання і выканаўцы работ па яго абслугоўванні і рамонце», – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Адзначаецца, што агульная сума атрыманых хабараў склала больш за 8,5 тыс. рублёў.

Абвінавачаныя віну прызналі ў поўным аб’ёме, у зробленым шчыра раскаяліся. Даходы, атрыманыя злачынным шляхам, цалкам кампенсавалі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!