Фото: t.me/gomel_region_gov
Аднаўленчыя работы ў шматпавярховым жылым доме ў Гомелі, які пацярпеў ад выбуху, плануецца завяршыць да канца месяца. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар Гомельскага домабудаўнічага камбіната Аляксандр Ганчароў.
«Па стане на 22 красавіка завершаны мантаж паверхаў з пятага па дзясяты, вядзецца ўладкаванне інжынерыі ўнутры. З сённяшняга дня прыступаем да мантажу тэхпаверха і пліт даху. Работы вядуцца ўнутры трэцяга пад’езда, пракладваюцца камунікацыі сеткі водаправода, каналізацыі. Да канца месяца аднаўленчыя работы будуць завершаны», – распавёў ён.
Пасля аднаўлення і правядзення аздобных работ дом вернецца да першапачатковага выгляду. Усе пад’езды будуць выкананы ў адзіным стылі, паведамляе тэлеграм-канал Гомельскага аблвыканкама.
Нагадаем, выбух газу адбыўся ў адной з кватэр трэцяга пад’езда дзесяціпавярховага дома 17 снежня. Загінуў адзін чалавек. Абрынуліся столевыя перакрыцці сёмага і восьмага паверхаў.