Палітвязню Ціхану Восіпаву хочуць працягнуць тэрмін у трэці раз

У дачыненні да палітвязня Ціхана Восіпава ў трэці раз узбуджана крымінальная справа аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК), паведамляе экс-палітвязынка Антаніна Канавалава.

Восіпава затрымалі падчас акцыі пратэсту 11 жніўня 2020 года каля станцыі метро «Пушкінская». Паводле абвінавачання, ён збіў на машыне пецярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Восіпаў атрымаў 11 гадоў калоніі.

Ціхан больш за 200 сутак правёў у штрафным ізалятары. Улетку 2024 года яго адразу з ШІЗА накіравалі ў памяшканне камернага тыпу на паўгода, а потым — зноў у ШІЗА на два месяцы. Палітвязень не атрымлівае лістоў і перадач.

Паводле слоў Канавалавай, у Ціхана праблемы са здароўем.

«На сённяшні дзень вядома, што ў Ціхана вялікія праблемы са здароўем: арганізм дрэнна засвойвае ежу, болі ў вачах, пачашчанае сэрцабіцце, скачкі ціску, аслабленне імунітэту. Кожны дзень яго ўтрымання ў такіх умовах павялічвае рызыку незваротных наступстваў!!!» — напісала яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!