Палітвязня журналіста Кірыла Пазняка перавялі з рэанімацыі ў медчастку

Палітвязень журналіст Кірыл Пазняк пераведзены з рэанімацыі бальніцы хуткай дапамогі ў медыцынскую частку мінскага СІЗА №1, дзе працягвае лячэнне лёгкіх. Пра гэта піша “Радыё Свабода” са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.

Паводле слоў суразмоўцы, у лісце, атрыманым некалькі дзён таму, Пазняк паведамляў, што напярэдадні суда яму было вельмі дрэнна, ён не мог дыхаць і ляжаў у рэанімацыі. Цяпер стан палепшыўся, але лячэнне працягваецца.

Нагадаем, на мінулым тыдні стала вядома, што палітвязню журналісту Кірылу Пазняку стала дрэнна па дарозе ў суд. Ён быў гаспіталізаваны. Восем месяцаў таму Пазняк перанёс пнеўманію і ковід. Паводле слоў былой жонкі журналіста, апошнім часам ён некалькі разоў губляў прытомнасць. Яго лёгкія могуць быць у дрэнным стане.

26 мая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала беларускія ўлады забяспечыць журналісту належную медыцынскую дапамогу.

Кірыла і яго дачку Яніну Пазняк затрымалі ў верасні 2025 года. Іх абвінавачваюць паводле артыкулаў пра “стварэнне экстрэмісцкага фармавання” і “дыскрэдытацыю Беларусі”. YouTube-канал «Платформа 375» журналіста быў абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем».

Суд, прызначаны на 14 мая, быў адкладзены без указання новай даты.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!