Андрей Демченко, представитель ГПСУ. Фото: facebook.com
Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка назваў абсурдам заяву дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Аляксандра Вальфовіча пра 116 украінскіх беспілотнікаў, якія нібыта перасеклі беларускую мяжу на мінулым тыдні.
«Шмат нейкіх абсурдных слоў пра сітуацыю ва Украіне і пра тое, што штодня яны сродкамі СПА фіксуюць рэгулярнае перасячэнне мяжы з нашай краінай баявымі БПЛА. Толькі за апошні тыдзень «налічылі» 116. У мяне пытанне — гэта ж колькі трэба было сябе стрымліваць, каб маўчаць пра такія «правакацыі» ўкраінцаў. І да таго ж іх СПА, відаць, можа фіксаваць толькі ўкраінскія сродкі, таму што тое, што залятае ва Украіну з Беларусі, яны чамусьці не фіксуюць», — прыводзіць яго словы “Украінская праўда”.
Раней Вальфовіч на пасяджэнні Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ у Маскве заявіў, што за апошні тыдзень беларуская паветраная прастора 116 разоў была парушана беспілотнікамі з Украіны.
«Штодня нашымі сродкамі СПА фіксуецца рэгулярнае перасячэнне мяжы Беларусі і Украіны баявымі БПЛА і іх падзенне на нашы тэрыторыі. У некаторых выпадках гэта не выпадковыя атакі, а спробы ўразіць элементы памежнай інфраструктуры, прыкрываючыся нібыта выпадковымі залётамі. Толькі за апошні тыдзень іх было 116. Дзяжурныя сілы па іх ужываліся 59 разоў», — сказаў ён.