У Ружанах археолагі знайшлі дзве вежы першапачатковага замка Сапегаў

Падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу спецыялісты выявілі падмуркі дзвюх вежаў першапачатковага замка Сапег канца XVI — пачатку XVII стагоддзя, паведамілі BGmedia ў Пружанскім райвыканкаме Брэсцкай вобласці.

Адну з іх — паўночна-ўсходнюю вуглавую — археолагі даследавалі яшчэ ў 1990-х гадах, а сёлета яе паўторна раскрылі для дэталёвага вывучэння канструкцыі.

Другую, паўднёвую вежу, знайшлі выпадкова падчас рэстаўрацыйных работ. Пасля археалагічных даследаванняў пацвердзілася, што першапачатковы замак Льва Сапегі меў тры вежы.

Фота: t.me/BGazeta

Паводле інвентарных апісанняў, у вуглавой вежы знаходзіўся кабінет Льва Сапегі, а ў паўднёвай — капліца. Абедзве вежы, як і ўвесь замак, выконвалі абарончыя функцыі.

Археалагічныя работы праходзяць паралельна з рэстаўрацыяй Ружанскага палаца, якая працягваецца з 2008 года. Да канца года спецыялісты плануюць вызначыць канцэпцыю музеефікацыі галоўнага корпуса. Пасля гэтага наведвальнікі змогуць прайсціся па яго тэрыторыі і ўявіць, як выглядаў замак у часы Льва Сапегі.

Фота: t.me/BGazeta

Замак у Ружанах Сапега пачаў будаваць у 1602 годзе. Рэстаўрацыя Ружанскага палацавага комплексу вядзецца з 2008 года. За гэты час былі адноўленыя цэнтральная ўязная брама, бакавыя флігелі, у якіх створаны музей, і паўночна-ўсходняя аркада. Завершаныя вонкавыя працы па рэстаўрацыі двухпавярховага Усходняга (тэатральнага) корпуса. У будынку плануецца размясціць музейныя залы, фондасховішча, гатэль і кавярню.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!