Фото: Pixabay, pexels.com
Падчас цэнтралізаванага экзамену сем выпускнікоў 11-х класаў былі выдаленыя з аўдыторый за парушэнні правілаў, піша БелТА. Прычынамі сталі выкарыстанне мабільных тэлефонаў, навушнікаў і шматфункцыянальнага калькулятара, а таксама ўнясенне змяненняў у бланк адказаў пасля заканчэння часу.
Усяго да экзамену прыступілі каля 58,9 тысячы чалавек — 99,7% ад колькасці дапушчаных. Не з’явіліся 204 чалавекі, з іх 81 экстэрн. Асноўнымі прычынамі сталі хвароба і ўдзел у спартыўных спаборніцтвах. Яшчэ 13 чалавек не завяршылі экзамен па стане здароўя, двое не былі дапушчаныя з-за адсутнасці пашпарта.
Ад здачы экзамену вызваленыя 702 навучэнцы, у тым ліку 338 навучэнцаў на даму, 197 пераможцаў алімпіяд і 167 чалавек паводле медыцынскіх паказанняў. Спецыяльныя ўмовы былі створаныя для 178 удзельнікаў з хранічнымі захворваннямі і парушэннямі здароўя. Правядзенне экзамену суправаджалі больш за 7 тысяч педагагічных работнікаў.
“Сёлета створаныя ўмовы для праходжання ЦЭ 178 удзельнікам з улікам спецыфікі захворвання і неабходнасці выкарыстання прылад мабільнай сувязі з праграмным забеспячэннем для кантролю стану здароўя: цукровы дыябет (99 чалавек), парушэнні апорна-рухальнага апарату (28 чалавек), парушэнні слыху (51 чалавек). Дазволена выкарыстанне маштабаваных бланкаў адказаў двум слабавідушчым навучэнцам. Ва ўсіх пунктах правядзення ЦЭ была арганізаваная праца валанцёраў”, — расказалі ў Міністэрстве адукацыі.
Тыя, хто не завяршыў экзамен па ўважлівых прычынах, змогуць прайсці яго ў рэзервовы дзень — 20 чэрвеня.