Геннадий Щербань с дочерью Натальей Петрович. Архивное фото
Падчас абмену палоннымі, які Украіна і Расія правялі 5 лютага, быў вызвалены беларускі вайсковец Генадзь Шчэрбань. Пра гэта ў сацыяльных сетках напісала яго дачка Наталля Пятровіч. На яе допіс звярнула ўвагу «Радыё Свабода».
Генадзь правёў у расійскім палоне амаль чатыры гады.
“Учора быў найлепшы дзень для ўсёй нашай сям’і! Тату вызвалілі! Гэты дзень настаў, у Мішын дзень нараджэння. Я ўвесь дзень баялася, што гэта сон і я зараз прачнуся, але гэта ўсё па-сапраўднаму! Я шчаслівая! Цяпер я па-сапраўднаму шчаслівая! Дзякуй усім, хто чакаў разам з намі”, — напісала яна ў Instagram.
Генадзю Шчэрбаню 57 гадоў. Ён этнічны ўкраінец. На пачатку 1990-х гадоў яго як вайскоўца перавялі служыць у Беларусь — у Брэсцкую, затым у Гродзенскую вобласць. У 2000 годзе Шчэрбань пайшоў у адстаўку ў званні маёра. У 2017-м разам з жонкай зноў з’ехаў жыць ва Украіну — у Гастомель пад Кіевам. Шчэрбань — грамадзянін Беларусі, ва Украіне мае пастаянны від на жыхарства.
Апошні раз перад палонам Генадзь Шчэрбань выходзіў на сувязь 16 сакавіка 2022 года. Прыгарад Кіева ўжо быў акупаваны расійскімі войскамі. У Гастомелі заставаліся трое жыхароў. Шчэрбань застаўся ў пасёлку, каб прыгледзець за хворай пажылой суседкай. 16 сакавіка ён пайшоў карміць жывёлу і не вярнуўся дадому. Пазней вызваленыя з палону ўкраінцы распавялі сваякам, што Генадзь Шчэрбань знаходзіцца ў палоне.
Нагадаем, чарговы абмен палоннымі паміж Украінай і Расіяй адбыўся 5 лютага. Ён прайшоў у фармаце 157 на 157. У Беларусі сцвярджаюць, што расійскія вайскоўцы былі перададзены ўкраінскім бокам «у рамках жэсту ў адказ» на «памілаванне» 31 грамадзяніна Украіны, якія вярнуліся з беларускіх турмаў у лістападзе мінулага года.