Скриншот эфира "Беларусь 1"
У Гомельскай вобласці расказалі, як лечаць расійскіх вайскоўцаў, якія апынуліся на тэрыторыі Беларусі ў выніку абмену палоннымі паміж Украінай і Расіяй, які адбыўся 5 лютага. Нагадаем, тады абмен прайшоў у фармаце 157 на 157. Як паведамілі ў Мінабароны РФ, расійскія вайскоўцы атрымліваюць медыцынскую і псіхалагічную дапамогу ў Беларусі, а затым адправяцца ў Расію.
На тэлеканале “Беларусь 1” 6 лютага выйшаў сюжэт, у якім сцвярджаецца, што расійскія вайскоўцы былі перададзеныя ўкраінскім бокам “у межах жэста ў адказ” на “памілаванне” 31 грамадзяніна Украіны, якія вярнуліся з беларускіх турмаў у лістападзе мінулага года.
“Частка з іх была адразу размешчаная ў медыцынскай установе Гомельскай вобласці. Па прамым даручэнні прэзідэнта тут створаны ўсе ўмовы для іх лячэння, найхутчэйшага аднаўлення і вяртання на радзіму”, — заявілі на дзяржаўным тэлебачанні.
Неназваны супрацоўнік медыцынскай установы расказаў, што цяпер стан усіх пацыентаў стабільны.
“У нашу лячэбную ўстанову паступіла група вайскоўцаў Расійскай Федэрацыі. Стан пацыентаў ацэньваецца як цяжкі. У аднаго пацыента стан пры паступленні крытычны. Пры дыягностыцы было выяўлена ўнутрыбрушное крывацячэнне з двухфазным разрывам касы. Па экстраных паказаннях было выканана аператыўнае ўмяшанне, аказаная неабходная медыцынская дапамога. На дадзены момант стан пацыента цяжкі, стабільны, з пазітыўнай дынамікай”, — паведаміў ён.
“У шэрагу пацыентаў — множныя іншародныя целы ў розных частках цела, неапераваныя, з ужо наяўнымі ўскладненнямі: нейрапатыямі, астэаміэлітамі. Адзін з пацыентаў перанёс вострае парушэнне мазгавога кровазвароту. Усім пацыентам аказваецца поўны комплекс лячэбна-дыягнастычных мерапрыемстваў. На дадзены момант стан усіх пацыентаў стабільны”, — дадаў супрацоўнік.