Николай Статкевич. Фото: @maryna.adamovic
Нямецкае пасольства ў Мінску апублікавала заяву з нагоды вызвалення Мікалая Статкевіча.
“Мы вітаем вызваленне Мікалая Статкевіча і радыя, што ён змог вярнуцца дадому ў Мінск. Жадаем яму як мага хутчэйшага і паспяховага аднаўлення пасля інсульту. Мы працягваем патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі”, — гаворыцца ў ім.
Нагадаем, пра вызваленне палітвязня Мікалая Статкевіча стала вядома ўчора. Да гэтага 21 студзеня ён перанёс інсульт. Палітык знаходзіцца дома. У выніку інсульту ў яго парушана маўленне.
Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У калоніі ён доўгі час знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада.
Мікалай Статкевіч быў сярод 52 палітвязняў, якія былі вызвалены 11 верасня 2025 года. Усіх палітвязняў вывезлі ў Літву. Аднак Мікалай Статкевіч адмовіўся выязджаць, ён выбег з аўтобуса і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Некалькі гадзін ён знаходзіўся паміж двума пунктамі пропуску, пазней яго вывезлі людзі ў масках.
Пазней СМІ атрымалі інфармацыю, што Мікалай Статкевіч зноў знаходзіцца ў турме ў Глыбокім.